Leviticus 8
1 Вось гэта прамовіў Госпад Майсею, кажучы:
2 «Вазьмі Аарона і сыноў яго, адзенне іх і алей намашчэння, бычка на ахвяру за грэх, двух бараноў і кош прэсных хлябоў.
3 Пасля збяры ўсю супольнасць ля ўваходу ў палатку сустрэчы».
4 Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і калі ўся супольнасць сабралася ля ўваходу ў палатку сустрэчы,
5 сказаў: «Вось, даручэнне, якое загадаў Госпад выканаць!»
6 І ў той жа момант прывёў Аарона і сыноў яго. І калі абмыў іх вадою,
7 усклаў на святара шаты льняныя і падперазаў яго поясам ды адзеў на яго верхняе фіялетавае адзенне, і наверх усклаў эфод:
8 і гэты эфод моцна сцягнуў поясам і ўсклаў яму нагруднік, на якім размясціў урым і тумім,
9 таксама пакрыў галаву яму кідарам, і на яго спераду паклаў залатую бляху, святую дыядэму, так, як загадаў Майсею Госпад.
10 Потым узяў Майсей алей намашчэння, якім і памазаў скінію разам з усёй яе маёмасцю, і пасвяціў гэта.
11 І калі пакрапіў ён ім ахвярнік сем разоў, памазаў яго, а таксама ўвесь посуд яго, ды ўмывальнік з падножжам яго пасвяціў алеем.
12 А выліўшы яго на галаву Аарона, памазаў яго.
13 Таксама і прыведзеных сыноў яго апрануў ён у тунікі льняныя і падперазаў іх поясам; і ўсклаў мітры, як загадаў Госпад Майсею.
14 І прывёў [Майсей] бычка на ахвяру за грэх. І калі Аарон і сыны яго ўсклалі рукі свае на галаву яго,
15 забіў яго, ды, намачыўшы палец у крыві яго, памазаў рогі ахвярніка кругом і ачысціў яго; рэшту крыві выліў на падножжа яго і так пасвяціў яго, ачышчаючы.
16 А тлушч, які пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі разам з тлушчам іх спаліў на ахвярніку,
17 а бычка, і скуру яго, і мяса яго, і нечыстоты яго спаліў у агні па-за лагерам, так, як загадаў Майсею Госпад.
18 Потым прывёў барана на ахвяру цэласпалення. Калі Аарон і сыны яго ўсклалі на галаву яго рукі свае,
19 закалоў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю яго,
20 пасля рассек самога барана на часткі і спаліў на агні галаву, і члены цела, і тлушч.
21 Абмыўшы найперш нутро і ногі, спаліў ён цэлага барана на ахвярніку, і гэта была ахвяра цэласпалення на найпрыемнейшы пах, агнявая ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.
22 Потым прывёў і другога барана на [ахвяру] пасвячэння святароў. Аарон і сыны яго ўсклалі свае рукі на галаву яго.
23 Майсей забіў яго ды ўзяў крыху крыві яго і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
24 Прывёў ён і сыноў Аарона; і калі крывёй ахвяраванага барана памазаў верх правага вуха кожнага з іх ды вялікія пальцы правай рукі і нагі, то рэшту крыві пакрапіў вакол ахвярніка.
25 Потым узяў тлушч і курдзюк, і ўвесь тлушч, які пакрывае вантробы ды сальнік печані, і абедзве ныркі з іх тлушчам, ды правую лапатку,
26 і з каша праснакоў, які стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку, скропленую алеем, і адзін сухарык, і паклаў на тлушч і на правую лапатку,
27 перадаючы ўсё разам на рукі Аарона і сыноў яго. Той, пасля таго, як яны ўзнялі гэта перад Госпадам,
28 прыняўшы назад з рук іх, спаліў на ахвярніку на ахвяру цэласпалення, і гэта была ахвяра пасвячэння на пах найпрыемнейшы: гэта была ахвяра агнявая для Госпада.
29 Потым прынёс грудзіну і падняў яе перад Госпадам; гэта была яго частка з барана, ахвяры пасвячэння, як загадаў Госпад Майсею.
30 Потым Майсей узяў крыху алею намашчэння і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў зверху Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. Гэтак пасвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх.
31 Па пасвячэнні іх і шатаў іх загадаў ім, кажучы: «Зварыце мяса ля ўваходу ў палатку і там ежце яго; таксама ежце хлябы [ахвяры] пасвячэння, што ляжаць у кашы, як мне было загадана: “Аарон і сыны яго будуць іх есці,”
32 а што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём.
33 Ад уваходу ў палатку сустрэчы не адыдзецеся сем дзён, аж да дня, калі споўніцца час пасвячэння вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасвячэнне.
34 І што адбылося сёння, так загадаў Госпад, каб рабілася дзеля іх ачышчэння.
35 Ля ўваходу ў палатку сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо мне гэтак загадана».
36 І зрабілі Аарон і сыны яго ўсё, што сказаў Госпад праз Майсея.