Leviticus 7
1 Вось жа закон адносна ахвяры за праступак: гэта святая рэч.
2 А таму на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпалення, будуць забіваць ахвяру за праступак, кроў яе выльюць вакол ахвярніка;
3 але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: гэта значыць, курдзюк і тлушч, які пакрывае нутро,
4 абедзве ныркі і тлушч, што на іх каля вантробаў, ды сальнік печані, што каля нырак, хай будзе аддзелены.
5 Спаліць гэта святар на ахвярніку як агнявую ахвяру Госпаду. Такая вось ахвяра за праступак.
6 Кожны мужчына са святарскага роду будзе спажываць гэтае мяса на святым месцы: гэта святая рэч.
7 Для ахвяры за грэх, як для ахвяры за праступак: адзін закон і той, і другой ахвяры; хай яна належыць святару, які складаў гэтую ахвяру.
8 Святар, які складае ахвяру цэласпалення нейкага чалавека, атрымае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру.
9 Таксама кожная ахвяра хлебная належыць святару, якім гэта ахвяра складзена.
10 Але кожная ахвяра з ежы, з алеем або сухая, належыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому.
11 Вось жа закон адносна ахвяры прымірэння, якую складаюць Госпаду:
12 калі ахвяра будзе выказам падзякі, то хай складаюць хлябы без закваскі, скропленыя алеем, і прэсныя аладкі, змочаныя алеем, ды прыгатаваную пшанічную муку ў выглядзе аладак, скропленых сумессю алею.
13 Таксама хай прыносіць хлябы з цеста квашанага пры ахвяры прымірэння як выказ падзякі.
14 Адна з іх хай будзе складзена як дар Госпаду, і яна будзе належаць святару, які вылье кроў ахвяры.
15 Мяса гэтай самай ахвяры мусіць быць з’едзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы.
16 Калі хто складае ахвяру як урачыстае абяцанне або з добрай волі, то яе, падобным чынам, трэба есці ў дзень ахвяравання, але і на другі дзень можна есці, калі што застанецца.
17 А вось калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.
18 Калі хто з’есць мяса ахвяры прымірэння на трэці дзень, то такая ахвяра не будзе прынятая, не будзе яна залічана таму, хто яе склаў; звыш таго, якая душа зняважыць сябе такой ежаю, будзе абвінавачана ў крывадушніцтве.
19 Мяса, якое дакраналася да чаго нячыстага, нельга есці, але павінна быць спалена на агні; дый наогул толькі той, хто будзе чысты, можа есці мяса.
20 Душа нячыстая, якая будзе есці мяса ахвяры прымірэння, што складзена для Госпада, будзе вынішчана з народа свайго.
21 І калі яна дакранецца нячыстасці чалавека, або жывёлы, або гнюснасці любой рэчы, якая можа запэцкаць, ды будзе есці мяса гэтай самай ахвяры прымірэння, якая для Госпада, тая будзе выключана з народа свайго”».
22 Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
23 «Скажы сынам Ізраэля: “Нельга вам есці тлушч цялят, авечак і казлоў.
24 Тлушч з мярцвячыны і з той жывёлы, якую разарваў дзікі звер, можаце ўжываць у розных патрэбах, але не ежце яго;
25 калі хто будзе есці тлушч, які складаецца на агнявую ахвяру для Госпада, той будзе вынішчаны з народа свайго.
26 Таксама не ўжывайце з ежай крыві аніводнай жывёлы: ні птушкі, ні быдла.
27 Кожная душа, якая будзе есці якую-колечы кроў, будзе вынішчана з народа свайго”».
28 Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
29 «Скажы сынам Ізраэля: “Хто складае ахвяру прымірэння для Госпада, хай прынясе свой дар Госпаду з ахвяры прымірэння.
30 Хай возьме ў рукі ахвяру агнявую для Госпада: хай ускладзе тлушч з грудзіны і грудзіну, каб узнімаць яе перад Госпадам.
31 Тлушч спаліць святар на ахвярніку, а грудзіна ж будзе належаць Аарону і сынам яго.
32 Таксама правая лапатка пойдзе як дар святару з ахвяр прымірэння.
33 Які з сыноў Аарона складае кроў і тлушч ахвяры прымірэння, той як сваю частку атрымае правую лапатку,
34 бо грудзіну ўздымання і лапатку паднашэння Я бяру ад сыноў Ізраэля з іх ахвяр прымірэння ды даю іх Аарону святару і сынам яго як вечны закон ад усяго народа Ізраэльскага”».
35 Гэта ёсць частка з ахвяр агнявых для Госпада, якая належыць Аарону і сынам яго ад дня, калі Ён прызначыў іх, каб яны выконвалі святарскія абавязкі,
36 і Госпад загадаў, каб гэта было дадзена ім сынамі Ізраэля, у дзень, калі Ён памазаў іх. Гэта пастанова вечная ў пакаленнях іх.
37 Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпалення, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, за праступак, і за пасвячэнне, а таксама ахвяры прымірэння.
38 Гэта загадаў Госпад Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраэля складаць ахвяры свае Госпаду ў пустыні Сінайскай.