Bible

Simplify

Your Church Tech & Streamline Your Worship

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Proverbs 15

:
Belarusian - ББЛ
1 Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.
2 Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.
3 Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.
4 Лагодны язык дрэва жыцьця, а неўтаймаваны хвароба духу.
5 Неразумны пагарджае на­стаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.
6 У доме ў праведніка мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага разлад.
7 Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў не.
8 Ахвяра бязбожных агідная Го­спаду, а малітва праведных Яму даспа­добы.
9 Агіда Госпаду шлях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
10 Ліхая кара таму, хто скрывіць да­рогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
11 Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.
12 Ня любіць распусьнік тых, што за­сьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
13 Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.
14 Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.
15 Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.
16 Лепей мець мала ў страху Гас­поднім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.
17 Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім ня­навісьць.
18 Запальчывы чалавек абуджае раз­лад, а цярплівы суцішае свару.
19 Дарога ў гультая як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.
20 Мудры сын радуе бацьку, а нера­зумны чалавек пагарджае маці сваёю.
21 Дурнота радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.
22 Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.
23 Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!
24 Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.
25 Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.
26 Агіда Госпаду намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падаба­юцца Яму.
27 Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.
28 Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.
29 Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.
30 Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства.
31 Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
32 Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьця­рогу, той набывае розум.
33 Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.