Ezra 3
1 І настаў сёмы месяц, і сыны Ізраіля [былі] ў гарадах, і сабраўся народ, як адзін чалавек, у Ерусаліме.
2 I ўстаў Ешуа, сын Ёцадака, і браты ягоныя, сьвятары, і Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і браты ягоныя; і пабудавалі ахвярнік Бога Ізраіля, каб ахвяроўваць на ім цэласпаленьні, як напісана ў Законе Майсея, чалавека Божага.
3 I паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, хоць [былі] ў страху ад народу зямлі гэтай, і склалі на ім цэласпаленьні для ГОСПАДА, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя.
4 І справілі Сьвята Намётаў, як напісана, і [складалі] цэласпаленьні штодзённыя лікам, паводле пастановы, як павіннасьць кожнага дня [вымагала].
5 А пасля гэтага — цэласпаленьне заўсёднае, і на маладзік, і на ўсе ўрачыстыя сьвяты ГОСПАДА, і для кожнага, хто ахвяруе дабраахвотную ахвяру ГОСПАДУ.
6 З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленьні для ГОСПАДА. Але для сьвятыні ГОСПАДА не былі яшчэ закладзены [падмуркі].
7 І далі яны срэбра мулярам і цесьлярам, і ежу, і пітво, і алей для Сідонцаў і Тырыянаў, каб прывезьлі дрэвы кедровыя з Лібану да мора Яфскага, з дазволу Кіра, валадара Пэрсіі.
8 І ў другім годзе пасьля прыходу іхняга да Дому Божага ў Ерусалім, у другі месяц, пачалі [будаваць] Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і рэшта братоў іхніх, сьвятары і лявіты, і ўсе, што ўзыйшлі з палону ў Ерусалім, і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй кіраваць працамі ў Доме ГОСПАДА.
9 I сталі Ешуа, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадміэль і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін [чалавек], каб кіраваць выкананьнем працаў у Доме Божым, [разам з] сынамі Хэнадада, сынамі іхнімі і братамі іхнімі, лявітамі.
10 I заклалі будаўнікі падмурак сьвятыні ГОСПАДА, і паставілі сьвятароў у шатах іхніх з трубамі, а лявітаў, сыноў Асафа, — з цымбаламі, хваліць ГОСПАДА, паводле пастановы Давіда, валадара Ізраіля.
11 I адказалі яны хвалою і праслаўленьнем ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная для Ізраіля. I ўвесь народ усклікаў голасам вялікім, хвалячы ГОСПАДА за закладзены падмурак Дому ГОСПАДА.
12 I шмат хто са сьвятароў і лявітаў, і галоваў [дамоў] бацькоў, старых, якія бачылі першы Дом [Божы], калі падмуркі дому гэтага былі закладзены перад вачыма іхнімі, плакалі голасам вялікім; а шмат хто ўсклікаў голасам узьнесеным з радасьцю.
13 I ня мог народ адрозьніць голасу гуканьня радасьці ад голасу плачу народу, бо народ гукаў ускліканьнем вялікім, і гук быў чуваць далёка.