Bible

Say Goodbye

To Clunky Software & Sunday Tech Stress!

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Ezra 4

:
Belarusian - БББ
1 І пачулі ворагі Юды і Бэн’яміна, што сыны выгнаньня будуюць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
2 I прыйшлі яны да Зэрубабэля і да галоваў [дамоў] бацькоў, і сказалі ім: «Будзем і мы будаваць з вамі, бо і мы, як і вы, шукаем Бога вашага і азвяруем ахвяры Яму ад дзён Эсар-Гадона, валадара Асірыі, які прывёў нас сюды».
3 I сказаў ім Зэрубабэль і Ешуа і іншыя галовы [дамоў] бацькоў Ізраілю: «Не будаваць вам і нам [разам] Дом Богу нашаму. Мы адны будзем будаваць для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, як загадаў нам Кір, валадар Пэрсіі».
4 I стаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юды і палохаць іх пры будаўніцтве.
5 I наймалі супраць іх дарадцаў [валадара], каб разбурыць намер іхні, праз усе дні Кіра, валадара Пэрсіі, аж да валадараньня Дарыя, валадара Пэрсіі.
6 А за валадараньня Ахашвэроша, на пачатку валадараньня ягонага, напісалі скаргу на жыхароў Юды і Ерусаліму.
7 I за дзён Артаксэркса напісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээль і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, валадара Пэрсіі. І ліст быў напісаны па-арамейску і перакладзены на мову арамейскую.
8 Рэхум, канцлер, і Шымшай, пісар, напісалі адзін ліст супраць Ерусаліму да валадара Артаксэркса гэтак:
9 «Тады і тады. Рэхум, канцлер, і Шымшай, пісар, і іншыя таварышы іхнія Дынэйцы, Афарсатхейцы, Тарпелейцы, Афарсейцы, Архейцы, Бабілонцы, Шушанцы, Дэгайцы, Элямцы,
10 і іншыя народы, якіх перасяліў Аснапар, вялікі і славуты, і пасяліў у горадзе Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча, і іншае».
11 Гэта водпіс лісту, які пасланы да [валадара]: «Артаксэрксу, валадару слугі слугаў тваіх, людзі Зарэчча, і іншае.
12 Няхай будзе ведама валадару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, і горад бунтоўны і нягодны адбудоўваюць, і муры аднаўляюць, і падмуркі напраўляюць.
13 Цяпер няхай будзе вядома валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры адноўлены, ня будуць яны плаціць ані даніны, ані падатку, ані мыта, і прыбытку валадара будзе шкода.
14 І вось, мы солім сольлю з палацу [валадара], і зьнявагі валадару ня можам бачыць, дзеля гэтага пасылаем і паведамляем валадару.
15 Няхай пашукаюць у кнізе запісаў бацькоў тваіх, і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што горад гэты горад бунтоўны і шкодзіць валадарам і краям, і бунты паднімаюць у ім з дзён старадаўных. За гэта горад гэты быў зруйнаваны.
16 Мы паведамляем валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры ягоныя будуць адноўленыя, з гэтай прычыны ня будзе ў цябе часткі ў Зарэччы».
17 Валадар паслаў адказ: «Рэхуму, канцлеру, і Шымшаю, пісару, і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча. Супакой і іншае.
18 Ліст, які вы прыслалі нам, выразна прачыталі перада мною.
19 I ад мяне выйшаў загад, і шукалі, і знайшлі, што горад гэты з дзён старадаўных паўставаў супраць валадароў, і былі ў ім бунты і паўстаньні,
20 і былі ў Ерусаліме валадары магутныя, якія панавалі ў-ва ўсім Зарэччы, і ім давалі даніну, падаткі і мыта.
21 І цяпер дайце загад, каб людзі гэтыя спыніліся і горад гэты не адбудоўваўся, пакуль ад мяне ня выйдзе [новы] загад.
22 I будзьце ўважлівыя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта мае павялічвацца зло на шкоду валадарам?»
23 Як толькі водпіс гэтага ліста ад валадара Артаксэркса быў прачытаны перад Рэхумам і Шымшаем, пісарам, і таварышамі іхнімі, яны, сьпяшаючыся, пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў і спынілі [працу] іхнюю зброяй і гвалтам.
24 Тады спынілася праца пры Доме Божым, які ў Ерусаліме; і спынілася яна аж да другога году валадараньня Дарыя, валадара Пэрсіі.