Leviticus 5
1 Калі якая душа пачуе голас праклінаючага і будзе сведкам таго, што ён або бачыў, або даведаўся, ды калі не выявіць [гэтага], то правініцца,
2 або калі якая душа дакранецца чаго нячыстага, трупа звера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна, але яму гэта не будзе вядома, то будзе ён нячыстым і правініцца,
3 або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог апаганіцца, і яму гэта будзе невядома, а потым даведаецца, то паддасца ён праступку,
4 або калі душа прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, і гэта будзе скрыта ад яго, але потым ён зразумее, то паддасца ён праступку,
5 дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца ў сваім граху
6 і хай прынясе ён Госпаду ў ахвяру за грэх свой, якім зграшыў, авечку са статка або казу як ахвяру за грэх, і ачысціць яго святар ад граху яго.
7 Калі хто не зможа ахвяраваць авечку, хай складзе ў ахвяру за праступак дзвюх туркавак, або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленне.
8 Хай прынясе іх да святара, які першага складзе ў ахвяру за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.
9 Пасля пакропіць крывёй яго сцяну ахвярніка, а рэшту крыві вылье на падножжа яго. Гэта вось ахвяра за грэх.
10 Другога голуба хай складзе ён у ахвяру цэласпалення, як звычайна бывае; так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.
11 Калі б рука яго не знайшла дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, хай прынясе дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.
12 І прынясе яе да святара, а той возьме з гэтага поўную жменю як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў агнявую ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх.
13 Так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён зграшыў супраць аднаго з тых прыказанняў, і будзе літасцівы Госпад. Застаўшуюся частку возьме святар як ахвяру з ежы”».
14 Вось што сказаў Госпад Майсею:
15 «Калі хто спракудзіцца і зграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, што пасвячоны Госпаду, хай за віну сваю са свайго статка авечак прынясе Госпаду ягня без заганы па цане двух сікляў срэбра паводле вагі святыні як ахвяру за грэх,
16 і за тую страту, якую ўчыніў, хай аддасць і дадасць да таго пятую частку вартасці ды аддасць гэта святару, а святар ачысціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.
17 Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, ды, абвінавачаная ў граху, панясе сваё злачынства,
18 хай прынясе да святара ягня без заганы са статка, па сваім ацаненні, у ахвяру за грэх. Тады святар ачысціць яго ад праступка, якога несвядома дапусціўся, і будзе ён яму адпушчаны.
19 Гэта ахвяра за праступак; правініўшыся, правініўся ён перад Госпадам».