Bible

Power Up

Your Services with User-Friendly Software

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Jeremiah 8

:
Belarusian - ББЧ
1 «У той час, кажа Госпад, выкінуць з магіл іх косці цароў юдэйскіх ды косці князёў іх, косці святароў, косці прарокаў, косці жыхароў Ерузаліма;
2 і раскладуць іх для сонца, месяца ды ўсяго войска нябеснага, якіх яны любілі ды якім служылі, за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся.
3 І будуць выбіраць лепш смерць, чым жыццё, усе, хто застанецца з гэтага племені ліхога па ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, кажа Госпад Магуццяў.
4 І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Ці ж не падымецца той, хто падае? Або ці не вернецца той, хто адвярнуўся?
5 Чаму тады адвярнуўся гэты народ, Ерузалім, у адступніцтве трывалым? Ухапіліся за падман і не хочуць навярнуцца”.
6 Я зважаў і слухаў. Ніхто не гаворыць тое, што добрае, няма нікога, хто б каяўся дзеля ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я зрабіў?” Усе паварочваюць у сваім напрамку, як конь, які шпарка нясецца ў бітве.
7 Нават бусел у небе ведае свой час, туркаўка, ластаўка і журавель пільнуюць час свайго прылёту, а народ Мой не ведае прысуду Госпадава.
8 Як жа вы кажаце: “Мы мудрыя, і закон Госпада з намі”? Сапраўды, падманнае пяро пісараў зрабіла яго хлуснёю.
9 Мудрыя асаромлены, спалоханы і схоплены, бо адкінулі яны слова Госпада і няма ў іх ніякай мудрасці.
10 Дзеля таго жонак іх Я аддам чужаземцам, палі іх заваёўнікам, бо ад найменшага да найбольшага ўсе яны дбаюць пра карысць; ад прарока да святара ўсе дапускаюцца падману.
11 І лечаць раны дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: “Супакой, супакой”, хаця супакою няма.
12 Сорам ім, бо дапусціліся брыдоты, ды нават у сораме яны не саромеюцца і чырванець не ўмеюць, таму ўпадуць яны паміж заняпалых, прападуць у час наведання іх, кажа Госпад.
13 Учыню Я збор і буду збіраць іх, кажа Госпад, ды няма ні гронкі на галінках, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота звяла».
14 «Чаму ж мы сядзім? Збірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, каб там загінуць, бо Госпад, Бог наш, аддаў нас на загубу, і на піццё даў нам атручаную ваду, бо зграшылі мы перад Госпадам.
15 Чакаем супакою, але няма добрага, часу аздараўлення, ды вось жах!»!
16 «Ад Дана чуецца хрыпенне коней іх, на голас іржання баявых жарабцоў іх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і паглынуць зямлю ды тое, што поўніць яе, горад і жахароў яго.
17 Бо, вось, пашлю Я супраць вас васіліскаў, супраць якіх няма замовы, і яны будуць вас кусаць, кажа Госпад, і не зможаце лячыцца».
18 Весялосць мая зрабілася ўва мне болем, сэрца маё смуткуе.
19 Вось жа голас ляманту дачкі народа Майго з далёкай зямлі: «Ці ж няма Госпада на Сіёне? Ці ж няма на ім цара Яго?» «Дык чаму яны абудзілі Мяне да гневу сваімі ідаламі ды марнасцямі чужымі?»
20 «Прайшло жніво, скончылася лета, а мы не збаўлены!»
21 Заламаны і сумны я дзеля заламання дачкі народа майго; жах ахапіў мяне.
22 Ці няма бальзаму ў Галаадзе, ці няма там лекара? Дык чаму не зацягнулася рана дачкі народа майго?