Bible

Power Up

Your Services with User-Friendly Software

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Genesis 21

:
Belarusian - ББЧ
1 Наастатак наведаў Госпад сваёй ласкай Сару, як абяцаў, і споўніў тое, што сказаў.
2 І яна пачала, і нарадзіла Абрагаму сына ў старасці, у час, які Бог прызначыў ёй.
3 І Абрагам даў сыну свайму, якога Сара нарадзіла яму, імя Ізаак.
4 І абрэзаў Абрагам Ізаака, калі той меў восем дзён, як яму Бог загадаў.
5 Абрагам меў сто гадоў, калі яму нарадзіўся сын яго, Ізаак.
6 І Сара сказала: «Прычыну да смеху даў мне Бог, хто ні пачуе, будзе смяяцца з мяне».
7 І зноў сказала: «Хто б паверыў, пачуўшы ад Абрагама, што Сара будзе грудзьмі карміць дзяцей, бо нарадзіла яму сына ўжо старая?»
8 І дзіця вырасла, і было аднятае ад грудзей. І Абрагам справіў вялікі баль у той дзень, у які Ізаак быў адняты ад грудзей.
9 А Сара, бачачы, што сын егіпцянкі Агар, якога яна нарадзіла Абрагаму, насміхаецца з Ізаака, сказала Абрагаму:
10 «Выгані гэтую паслугачку разам з яе сынам, бо сын гэтай паслугачкі не будзе спадкаемцам з сынам маім, Ізаакам».
11 Прыкра прыняў гэта Абрагам дзеля сына свайго.
12 Але, вось, Бог сказаў яму: «Хай табе не здаецца прыкрым тое, што сказала Сара пра хлопца і пра тваю паслугачку. Паслухай голасу яе, бо толькі ад Ізаака будзе названа патомства тваё.
13 Але і з сына паслугачкі Я зраблю вялікі народ, бо ён ёсць тваім нашчадкам».
14 І ўстаў назаўтра Абрагам рана, узяў хлеба і мех вады, і даў Агар, ускладаючы ёй на плечы, і адправіў яе разам з дзіцем. Яна ж пайшла і бадзялася па пустыні Бээр-Сэба.
15 А калі не стала вады ў мяху, яна пакінула дзіця пад адным кустом,
16 потым адышла і села далёка, на адлегласць стрэлу з лука, і сказала: «Няхай не ўбачу смерці дзіцяці». І, седзячы насупраць, узняла лямант, і пачала плакаць.
17 І Бог пачуў крык дзіцяці. І Анёл Госпадаў азваўся з неба да Агар, кажучы: «Што табе, Агар? Не бойся, пачуў вось Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзіцца.
18 Устань, падымі дзіця, вазьмі яго рукою сваёй, бо Я з яго зраблю вялікі народ».
19 І адкрыў Бог ёй вочы, і ўбачыла яна студню з вадой. Яна пайшла, напоўніла мех і дала хлопцу напіцца.
20 І Бог быў з ім, і ён рос і жыў на пустыні, і зрабіўся стральцом з лука.
21 І пражываў ён на пустыні Паран, а маці яго ўзяла яму жонку з зямлі Егіпецкай.
22 У той час Абімэлех і Піколь, начальнік яго войска, сказалі Абрагаму: «Бог з табой ва ўсім, што ты робіш.
23 Дык тут, на гэтым месцы, прысягні на Бога, што ты ані адносна мяне, ані адносна маіх нашчадкаў бліжэйшых не зробіш благога, але адпаведна даверу, які я ўчыніў табе, учыніш мне і зямлі, у якой жывеш прыхаднем».
24 Абрагам сказаў: «Я прысягну».
25 І ўпікнуў Абрагам Абімэлеха за студню з вадой, якую паслугачы яго забралі сілай.
26 Адказаў Абімэлех: «Не ведаю, хто гэта зрабіў. Але ані ты мне гэтага не казаў, ані я не чуў аж да сёння».
27 Дык узяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і так абодва заключылі пагадненне.
28 І паставіў Абрагам сем ягнят са статка асобна.
29 І спытаўся Абімэлех у яго: «Што значаць гэтыя сем ягнят, якіх ты паставіў асобна?»
30 А ён адказаў: «Сем ягнят атрымаеш з рукі маёй, каб былі мне сведчаннем, што я выкапаў гэтую студню».
31 Таму месца тое названа Бээр-Сэба, бо тут абодва прысягнулі.
32 Так у Бээр-Сэбе заключылі яны пагадненне.
33 Тады ўзняліся Абімэлех і Піколь, начальнік войска яго, і вярнуліся ў зямлю філістынцаў. А Абрагам пасадзіў лес у Бээр-Сэбе, і прызываў там імя Госпада, Бога Вечнага.
34 І быў Абрагам чужынцам у зямлі філістынцаў многія дні.