Bible

Say Goodbye

To Clunky Software & Sunday Tech Stress!

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Ezekiel 16

:
Belarusian - ББЧ
1 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, паведамі Ерузаліму пра яго агіднасці
3 і скажы: гэта кажа Госпад Бог да Ерузаліма: “Паходжанне тваё і нараджэнне тваё з зямлі Ханаан, бацька твой амарэй, і маці твая хетэйка.
4 І калі ты нарадзілася, у дзень народзінаў тваіх не абрэзалі табе пупавіны, і не абмылі цябе ў вадзе, каб цябе ачысціць, і не нацёрлі цябе соллю, і не спавілі цябе ў пялюшкі.
5 Не пашкадавала цябе нічыё вока, каб зрабіць для цябе адно з гэтага з літасці да цябе, але ў дзень твайго нараджэння выкінулі цябе на паверхню зямлі з абыякавасцю да душы тваёй.
6 А праходзячы каля цябе, Я ўбачыў, што ты трапечашся ў крыві сваёй, і сказаў Я табе, калі была ты ў крыві сваёй: “Жыві! Кажу табе: жыві ў крыві сваёй”.
7 Вырасціў Я цябе, як парастак палявы, і вырасла, і стала дарослай, і прыйшла ты ў свет жаночы: грудзі твае набылі форму, і валасы твае сталі густымі; але была ты голая ды поўная сораму.
8 І прайшоў Я каля цябе, і ўбачыў цябе; і вось, твой час, і час кахаючых. І расцягнуў Я плашч Свой над табою, і закрыў твой сорам; і звязаўся з табою прысягай, і ўвайшоў з табою ў запавет, кажа Госпад Бог, і стала ты Маёю.
9 І Я абмыў цябе вадою, і абцёр з цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеем;
10 і апрануў цябе ў рознакаляровыя шаты, і абуў цябе ў чаравікі з сіняй скуры, і падперазаў цябе вісонам, і пакрыў цябе ядвабам.
11 І Я ўпрыгожыў цябе ўпрыгажэннем, і ўсклаў бранзалеты на рукі твае і каралі на шыю тваю,
12 і даў кольца над вусны твае, і завушніцы ў вушы твае, і вянок аздобны на галаву тваю.
13 І ўбраная была ты ў золата і срэбра, і апранутая ў вісон і ядваб і ў рознакаляровыя шаты. Ела ты найчысцейшую муку, і мёд, і алей, і зрабілася вельмі прыгожай, і дасягнула годнасці царскай.
14 І ўславілася імя тваё між народамі дзеля тваёй прыгажосці, бо была ты дасканалай дзеля ўпрыгажэння Майго, якое Я ўсклаў на цябе, кажа Госпад Бог.
15 І, маючы надзею на сваю прыгажосць, скарыстала славу сваю дзеля распусты, і распуснічала ты з кожным праходзячым, хто сустрэўся,
16 і назбірала ты сваіх шатаў, і зрабіла сабе ўзгоркі ў розныя колеры, і займалася распустаю на іх, якой не было раней і не будзе.
17 І ўзяла ты рэчы ўпрыгажэння твайго з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе выявы мужчынскія, і з імі займалася распустай.
18 І ўзяла ты свае рознакаляровыя шаты, і накрыла іх, і таксама Мой алей і Маё кадзіла пакладала перад імі.
19 І хлеб Мой, які Я даў табе, муку, і алей, і мёд, якімі Я выкарміў цябе, ты ўсклала перад імі на мілы пах, і гэта адбылося, кажа Госпад Бог.
20 І ўзяла сыноў сваіх і дачок сваіх, якіх нарадзіла Мне, і ўсклала ў ахвяру ім на знішчэнне. Ці ж малая распуснасць твая?
21 Усклала ты ў ахвяру дзяцей Маіх, і аддала іх, ахвяруючы ім.
22 І па ўсіх агіднасцях сваіх і распуснасці забылася ты на дні маладосці сваёй, калі была ты голай і поўнай сораму і трапяталася ў крыві сваёй.
23 І сталася пасля ўсіх злачынстваў тваіх гора, гора табе! кажа Госпад Бог,
24 і пабудавала ты сабе палаткі чужаложства, і зрабіла сабе ўзгоркі на кожнай вуліцы;
25 на кожным скрыжаванні дарог пабудавала ты сабе сваё ўзнятае месца, і апаганіла сваю прыгажосць, і расхінала ногі свае з кожным праходзячым ды памнажала сваю чужаложнасць.
26 І чужаложыла ты са сваімі суседзямі, егіпцянамі высокімі, і павялічвала разбэшчанасць сваю, каб гнявіць Мяне.
27 Вось, Я выцягнуў руку Маю супраць цябе, і зменшыў ежу табе, і выдаў цябе ў рукі ненавідзячым цябе, дочкам філістынскім, якія саромеюцца дзеля распусты тваёй.
28 І распуснічала ты з сынамі асірыйцаў, бо яшчэ не была задаволена; і пасля таго, як займалася распустай, так і гэтым не задаволілася.
29 І павялічыла ты распуснасць сваю аж да купецкага краю халдэяў, і гэтым не задаволілася.
30 Як ачышчу Я сэрца тваё, кажа Госпад Бог, калі дапускалася ты ўсіх гэтых учынкаў бессаромнай жанчыны і распусніцы?
31 Бо распуснічала ты на скрыжаванні кожнай дарогі, рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы; і не стала, як блудніца, каб браць плату за распусту,
32 але як жанчына-чужаложніца замест свайго мужа прымае іншых.
33 Усім распусніцам даецца плата, а ты ўсім сваім палюбоўнікам давала плату і дарыла ім падарункі, каб прыходзілі да цябе зусюль і распуснічалі з табою.
34 І сталася ў цябе адваротна звычаю гэтых жанчын у распусце тваёй, і ніхто не гнаўся за табою, гэта ты давала плату, а табе ніхто не аднагароджваў, сталася ў цябе наадварот.
35 Дзеля таго, распусніца, слухай слова Госпада!”»
36 Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што былі растрачаны грошы твае і за тое, што аголены быў твой сорам у распусце тваёй з тваімі палюбоўнікамі і з усімі тваімі агіднымі ідаламі, і за кроў тваіх сыноў, якіх ты аддала ім,
37 таму, вось, Я збяру ўсіх тваіх палюбоўнікаў, якім ты спагадвала, ды ўсіх тых, каго ты любіла, з усімі, каго ненавідзела; і збяру іх з усіх бакоў супраць цябе, і адкрыю сорам твой перад імі, і ўбачаць яны ўсю тваю агіднасць.
38 І Я буду судзіць цябе, як судзяцца чужаложніцы і забойцы, і выдам цябе ў кроў абурэння і руплівасці.
39 І аддам цябе ў іх рукі, і яны зруйнуюць твае палаткі распусты, і разбураць твае ўзгоркі, і распрануць цябе з тваіх шатаў, і забяруць пасудзіны ўбрання твайго, і пакінуць цябе голаю і поўнаю сораму.
40 І склічуць супраць цябе сход, і ўкамянуюць цябе, і мечамі сваімі пасякуць цябе на часткі.
41 І дамы твае спаляць агнём, і здзейсняць на цябе прысуды на вачах вельмі многіх жанчын; і Я спыню тваю распуснасць, ды ўжо больш ты не будзеш даваць падарункаў за распусту.
42 І заспакою Я Мой гнеў на цябе ды адвяду лютасць Маю ад цябе; і супакоюся, і ўжо болей не буду гневацца.
43 За тое, што ты забылася на дні маладосці сваёй і ўсімі ўчынкамі давяла Мяне да гневу, Я ў сваю чаргу абярну шляхі твае на галаву тваю, кажа Госпад Бог, і не зрабіў Я паводле злачынстваў тваіх ва ўсіх тваіх агіднасцях.
44 Вось, кожны, хто гаворыць народу прыказаку пра цябе, скарыстае яе, кажучы: “Якая маці, такая і дачка яе”.
45 Сапраўды, ты дачка сваёй маці, якая пагрэбавала сваім мужам і сваімі дзецьмі; і ты сястра сваіх сясцёр, якія пагрэбавалі сваімі мужамі і сваімі дзецьмі. Маці ваша была хетэйка, а бацька ваш амарэй.
46 І тваёй старэйшай сястрой была Самарыя, пражываючая налева ад цябе разам са сваімі дочкамі; а тваёй малодшай сястрой была Садом разам са сваімі дочкамі, што жыла направа ад цябе.
47 Але ты не хадзіла шляхамі іх, ані рабіла паводле злачынстваў іх; як быццам гэтага было мала, ты рабіла горшыя злачынствы, чым яны, ва ўсіх шляхах тваіх.
48 Жыву Я, кажа Госпад Бог, твая сястра Садом разам са сваімі дочкамі не рабіла так, як ты рабіла са сваімі дочкамі.
49 Вось, такая была правіннасць сястры тваёй Садом: адзначаліся яна і дочкі яе пыхаю, ненасытнасцю і гультайствам; і не падтрымлівалі яны руку беднага і нешчаслівага,
50 і ўбіліся ў пыху, і дапусціліся агіднасцей адносна Мяне, і Я адкінуў іх, як ты гэта бачыла.
51 І Самарыя не дапусцілася і паловы грахоў тваіх, а ты перасягнула іх сваімі злачынствамі і апраўдала сваіх сясцёр усімі агіднасцямі, якіх дапусцілася.
52 Дык ты таксама нясі ганьбу сваю, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр сваімі грахамі, горшымі за іх; былі бо яны табою апраўданыя. Дык і ты засаромейся і нясі сваю ганьбу, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр.
53 І я адмяню іх долю, долю Садом і яе дачок, а таксама долю Самарыі і яе дачок; і тваю долю адмяню сярод іх,
54 каб несла ты ганьбу сваю ды была асаромленая з прычыны ўсяго таго, чаго дапусцілася, прыносячы ім суцяшэнне.
55 І твая сястра Садом, і яе дочкі вернуцца да першага стану свайго, і Самарыя са сваімі дочкамі вернецца да свайго папярэдняга стану, і ты, і дочкі твае вернецеся да папярэдняга стану вашага.
56 Ці ж у днях тваёй пыхі не было гаворкі ў вуснах тваіх пра сястру тваю Садом,
57 перш чым ганьба твая не была адкрытая? Падобна як яна, так і ты цяпер стала пасмешышчам для дачок Сірыі і для ўсіх, хто кругом цябе жыве, для дачок філістынскіх, якія пагарджаюць табою.
58 Ты адкажаш за свае злачынствы і ганьбу,— кажа Госпад».
59 Вось што кажа Госпад Бог: «І зраблю Я з табою так, як зрабіла ты, якая адцуралася ад прысягі, каб разарваць запавет.
60 І Я ўспомню запавет, які заключыў з табою ў дні маладосці тваёй, ды пастаўлю з табою запавет вечны.
61 І ты ўзгадаеш на дарогі свае і засаромеешся, калі прымеш сясцёр тваіх, як старэйшых, так і малодшых за цябе, і дам іх табе за дочак, але не паводле заключанага з табой запавету.
62 І аднаўлю Я Мой запавет з табой, і ты даведаешся, што Я Госпад,
63 каб памятаць і саромецца, ды каб з-за свайго сораму не адкрываць больш вуснаў сваіх тады, калі прабачу табе ўсё, што ты зрабіла», кажа Госпад Бог.