Exodus 19
1 У трэцім месяцы па выхадзе Ізраэля з зямлі Егіпта, у той самы дзень прыбылі яны ў пустыню Сінай.
2 Бо выйшаўшы з Рэфідыма і дайшоўшы аж да пустыні Сінай, расклаліся яны лагерам у тым жа месцы, дзе і паставіў Ізраэль палаткі насупраць гары.
3 А Майсей узышоў да Бога; і паклікаў яго Госпад з гары, і сказаў: «Вось што скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраэля:
4 “Вы самі бачылі, што Я зрабіў егіпцянам, як панёс вас, як на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе.
5 Дык калі будзеце слухаць голас Мой і захоўваць запавет Мой, вы станецеся для Мяне асаблівымі сярод усіх народаў; бо Мая ўся зямля.
6 І вы будзеце для Мяне царствам святароў і народам святым”. Гэта словы, якія ты скажаш сынам Ізраэля».
7 Прыйшоў Майсей і, склікаўшы старэйшын народа, прадставіў ім усе словы, што даручыў Госпад.
8 І ўвесь народ адказаў адзінадушна: «Усё, што сказаў Госпад — споўнім». І, калі перадаў Майсей словы народа Госпаду,
9 сказаў яму Госпад: «Вось, Я прыйду да цябе ў воблаку туманным, каб народ чуў, як Я буду гутарыць з табою, і каб паверыў ён табе назаўжды». І Майсей перадаў словы народа,
10 і Ён сказаў яму: «Ідзі да народа і асвяці яго сёння і заўтра; і хай памыюць яны адзенне сваё,
11 і хай прыгатуюцца на дзень трэці. Бо ў трэці дзень на вачах усяго народа на гару Сінай сыдзе Госпад.
12 І вызначы народу межы кругом, і скажы: “Сцеражыцеся, каб не ўзыходзіць на гару і не дакранацца да межаў яе; кожны, хто дакранецца да гары, — будзе пакараны смерцю.
13 Хай рука не дакранецца да яго, хай будзе ўкаменаваны або прабіты стрэламі: ці то жывёла, ці то чалавек — не застануцца ў жывых”. Калі загучыць труба, хай тады ўзыдуць яны на гару».
14 І сышоў Майсей з гары да народа, і асвяціў яго; і, калі памылі яны адзенне сваё,
15 сказаў ён ім: «Будзьце прыгатаваныя на дзень трэці; не дакранайцеся да жонак вашых».
16 І ўжо надышоў трэці дзень, і рана развіднела; і вось, пачуліся грымоты, і заблішчалі маланкі, і найцямнейшае воблака накрыла гару, і гук трубы шумеў усё мацней; і спалохаўся народ, што быў у лагеры.
17 І, калі вывеў Майсей людзей з месца лагера насустрач Богу, і сталі яны ля падножжа гары,
18 а ўся гара Сінай дымілася, бо сышоў на яе Госпад у агні, і ўздымаўся дым з яе, як з печы. І ўся гара моцна хісталася.
19 І гук трубы рабіўся штораз магутнейшы; Майсей гаварыў, а Бог адказваў яму ўголас.
20 І сышоў Госпад на гару Сінай, на самы верх гары, і паклікаў Майсея на самую яе вяршыню. А калі ён узышоў,
21 сказаў яму: «Сыдзі ўніз і папярэдзь народ, каб ён не захацеў перайсці межаў, каб пабачыць Госпада, і каб не загінула вялікая колькасць яго.
22 Таксама і святары, якія прыступаюць да Госпада, хай асвяцяцца, каб Ён не ўдарыў іх».
23 І сказаў Майсей Госпаду: «Не зможа народ узысці на гару Сінай, бо Ты папярэдзіў і загадаў, кажучы: “Вызначы межы кругом гары і асвяці яе”».
24 Сказаў яму Госпад: «Ідзі, сыдзі ўніз; а потым прыйдзі ты і Аарон з табою, а святары і народ хай не пераходзяць межаў і не набліжаюцца да Госпада, каб Ён не забіў іх».
25 І сышоў Майсей да народа, і ўсё ім пераказаў.