Bible

Create

Inspiring Presentations Without Hassle

Try Risen Media.io Today!

Click Here

Proverbs 3

:
Belarusian - БББ
1 Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,
2 бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.
3 Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,
4 і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.
5 Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і не абапірайся на розум свой.
6 Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.
7 Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.
8 Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем косткам тваім.
9 Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх,
10 і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном.
11 Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДАВА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе,
12 бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну.
13 Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне.
14 Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата.
15 Яна каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю.
16 Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ багацьце і слава.
17 Шляхі яе шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя супакой.
18 Яна дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе.
19 ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам.
20 Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою.
21 Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць.
22 І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй.
23 Тады пойдзеш бясьпечна шляхам сваім, і нага твая не пахісьнецца.
24 Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі.
25 Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе,
26 бо ГОСПАД будзе тваім спадзяваньнем і захавае нагу тваю ад пасткі.
27 Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта.
28 Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе.
29 Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна.
30 Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога.
31 Не зайзросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага з шляхоў яго,
32 бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе.
33 Праклён ГОСПАДАЎ на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе.
34 Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае.
35 Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя насіць будуць ганьбу.