Bible

Engage

Your Congregation Like Never Before

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Proverbs 16

:
Belarusian - БББ
1 Да чалавека [належыць] меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка.
2 Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы.
3 Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца.
4 Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі.
5 Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручы?цца, ён не застанецца непакараным.
6 Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх ГОСПАДАЎ адводзіць ад зла.
7 Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім.
8 Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні.
9 Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя.
10 Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны.
11 Вага і шалі справядлівыя ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе справа Ягоная.
12 Агіда для валадара учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю.
13 Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць.
14 Гнеў валадара весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго.
15 У сьвятле аблічча валадара жыцьцё, і зычлівасьць ягоная як воблака з позьнім дажджом.
16 Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра.
17 Шырокая дарога правых адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю.
18 Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем дух ганарысты.
19 Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі.
20 Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, шчасьлівы.
21 Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды.
22 Розум крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных глупства.
23 Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў.
24 Прыемныя словы сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела.
25 Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго шляхі сьмерці.
26 Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго.
27 Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь, які паліць.
28 Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў.
29 Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры,
30 прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, кры?віць губы свае, робячы ліха.
31 Сівізна слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе.
32 Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.
33 Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.