Bible

Power Up

Your Services with User-Friendly Software

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Numbers 1

:
Belarusian - БББ
1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай у Намёце Спатканьня ў першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Эгіпту, кажучы:
2 «Зрабі сьпіс усяе грамады cыноў Ізраіля па родах іхніх, па сем’ях іхніх, усіх мужчынаў па імёнах.
3 Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою Ізраільцянаў палічыце па дружынах іхніх ты і Аарон.
4 З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў сваіх.
5 Вось імёны правадыроў пакаленьняў, якія будуць з вамі: для Рубэна Эліцур, сын Шэдэура,
6 для Сымона Шэлюмiэль, сын Цурышадая,
7 для Юды Нахшон, сын Амінадава,
8 для Ісахара Натанаэль, сын Цуара,
9 для Завулёна Эліяў, сын Гэлёна,
10 для сыноў Язэпа: для Эфраіма Элішама, сын Амігуда; для Манасы Гамаліэль, сын Пэдагсура;
11 для Бэн’яміна Абідан, сын Гідэоні,
12 для Дана Ахіезэр, сын Амішадая,
13 для Асэра Пагіэль, сын Акрана,
14 для Гада Эліясаф, сын Дэўэля,
15 для Нэфталі Ахіра, сын Энана».
16 Гэтыя пакліканыя з усёй супольнасьці, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраіля.
17 Іх узяў Майсей і Аарон, тых, што былі паіменна названыя.
18 У першы дзень другога месяца сабралі яны ўсю супольнасьць дзеля сьпісу іх паходжаньня па пакаленьнях іхніх, па сем’ях бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй.
19 Як загадаў ГОСПАД Майсею, быў зроблены перапіс у пустыні Сынай.
20 Сыноў Рубэна, першароднага Ізраеля, па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
21 тых, якіх палічылі з пакаленьня Рубэна, было сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
22 Сыноў Сымона па пакаленьнях іхніх, па племёнах іхніх і па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
23 налічана з пакаленьня Сымонавага пяцьдзесят дзевяць тысячаў трыста.
24 Сыноў Гада па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
25 налічана з пакаленьня Гадавага сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят.
26 Сыноў Юды па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
27 налічана з пакаленьня Юды семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот.
28 Сыноў Ісахара па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
29 налічана з пакаленьня Ісахара пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
30 Сыноў Завулёна па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
31 налічана з пакаленьня Завулёна пяцьдзесят сем тысячаў чатырыста.
32 Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
33 налічана з пакаленьня Эфраіма сорак тысячаў пяцьсот.
34 Сыноў Манасы па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
35 налічана з пакаленьня Манасы трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
36 Сыноў Бэн’яміна па пакаленьнях іхніх, па пямёнах іхніх, па сем’х іхніх, па ліку імёнаў, мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
37 налічана з пакаленьня Бэн’яміна трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
38 Сыноў Дана па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
39 налічана з пакаленьня Дана шэсьцьдзесят дзьве тысячы семсот.
40 Сыноў Асэра па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
41 налічана з пакаленьня Асэра сорак адна тысяча пяцьсот.
42 Сыноў Нэфталі па пакаленьнях іхніх, па плямёнах іхніх, па сем’ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
43 налічана з пакаленьня Нэфталі пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
44 Гэта вось тыя, якіх палічылі Майсей і Аарон разам з начальнікамі Ізраіля, дванаццацю князямі, па аднаму з кожнага пакаленьня.
45 Поўны лік сыноў Ізраіля, здольных да бою, па сем’ях іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй,
46 складаў шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
47 Лявіты не падпалі пад сьпіс паводле пакаленьняў сваіх,
48 бо ГОСПАД сказаў Майсею:
49 «Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраіля,
50 але даручы лявітам Сялібу Сьведчаньня, усе яе прылады і ўсё, што да яе належыць. Яны будуць насіць Сялібу і ўсе яе прыналежнасьці, будуць пры ёй служыць і навокал яе паставяць намёты свае.
51 Калі трэба рушыць у дарогу, разьбяруць яе лявіты, а калі трэба затрымацца, зноў яе паставяць. Калі хто чужы наблізіцца да яе, будзе пакараны сьмерцю.
52 Сыны Ізраіля паставяць намёты свае, кожны на месцы сваім у табары, кожны пад сьцягам сваім, пры дружынах сваіх.
53 А лявіты разьмесьцяцца табарам вакол Сялібы Сьведчаньня; тады кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраіля. Лявіты будуць сьцерагчы Сялібу Сьведчаньня».
54 Сыны Ізраіля споўнілі і зрабілі ўсё, што ГОСПАД загадаў Майсею.