Job 3
1 Пасьля гэтага Ёў расчынiў вусны свае i наракаў на дзень свой.
2 І адказаў Ёў, і сказаў:
3 «Няхай прападзе дзень, у які я нарадзiўся, i ноч, у якую было сказана: “Зачаты хлопец”.
4 Няхай дзень той пераменіцца ў цемру; няхай ня рупiцца пра яго Бог з вышыні, і няхай ня будзе ён асьветлены сьвятлом.
5 Няхай зацемняць яго цемра i цень сьмерцi, няхай схавае яго змрок, i няхай напоўнiцца ён хмарамі.
6 Няхай ноч тую агарне цемра, няхай ня будзе яна ўлiчана ў днях году, і няхай ня ўзгадваецца ў ліку месяцаў.
7 Няхай тая ноч будзе бясплодная, і няхай радасьць да яе не завітае.
8 Няхай праклiнаюць яе тыя, што дзень праклiнаюць, што гатовыя абудзiць Левiятана.
9 Няхай зьцямнеюць зоркi сьвiтаньня ейнага, каб чакала сьвятла i не дачакалася, і няхай ня ўбачыць яна зараніцы новага дня,
10 бо яна не зачынiла ўлоньня, якое нарадзiла мяне, i не ўхiлiла гора з вачэй маіх.
11 Чаму яшчэ ненароджаным, я не памёр? Чаму народжаны, не памёр раптам?
12 Навошта я быў прыняты каленямi? I навошта быў кормлены грудзьмi?
13 Цяпер вось спаў бы я моўчкi i адпачываў бы ў-ва сьне сваiм
14 з валадарамі i раднікамi зямлi, якія пабудавалi сабе дамы магілы,
15 і з князямi, якія багатыя золатам i якія срэбрам вылажылi дамы свае.
16 І як спарон схаваны быў бы я, або як немаўля, што ня бачыла сьвятла.
17 Там злачынцы больш не шалеюць, а змораныя працай там адпачываюць.
18 Там усе вязьнi жывуць бяз страху i ня чуюць крыку вартаўнiка.
19 Там разам малы i вялiкi, i слуга вольны ад пана свайго.
20 Навошта беднаму даецца сьвятло, і жыцьцё тым, што жывуць з горыччу душы,
21 якія чакаюць сьмерцi i не дачакаюцца, i шукаюць яе больш, чым скарб,
22 і вельмі радуюцца i цешацца, калі знойдуць.
23 Якая радасьць чалавеку, перад якiм шлях закрыты, і якога Бог атачае цемраю.
24 Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і скаргі мае ільюцца як вада.
25 Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, i тое, перад чым я дрыжэў, напаткала мяне.
26 Не супакойваўся я, не маўчаў i не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасьце».