Bible

Transform

Your Worship Experience with Great Ease

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Ezra 1

:
Belarusian - БББ
1 У першы год Кіра, валадара Пэрсіі, каб споўнілася слова ГОСПАДА з вуснаў Ярэміі, узрушыў ГОСПАД дух Кiра, валадара Пэрсіі, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, а таксама пісьмова, кажучы:
2 «Гэтак кажа Кiр, валадар Пэрсаў: “Усе валадарствы зямлi даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Дом Яму ў Ерусалiме, які ў Юдэi.
3 Калi ёсьць хто з вас з усяго народу Ягонага, няхай Бог ягоны будзе з iм, і няхай узыйдзе ён у Ерусалiм, які ў Юдэі, i няхай будуе Дом ГОСПАДА, Бога Iзраіля. Гэта той Бог, Які ў Ерусалiме.
4 І ўсе, якія засталіся ў-ва ўсiх месцах, дзе яны жывуць, няхай дапамогуць ім людзі месца таго срэбрам, золатам, маёмасьцю i быдлам, а таксама дабраахвотнымі дарамi для Дому Бога, Які ў Ерусалiме”».
5 І паўсталі начальнiкi родаў Юды i Бэн’ямiна, і сьвятары, i лявiты, і кожны, у якога дух узрушыў Бог, каб iсьцi будаваць Дом ГОСПАДА, Які ў Ерусалiме.
6 І ўсе тыя, што жылi навокал, мацавалі рукі iхнія начыньнямі са срэбра, золатам, маёмасьцю, быдлам і каштоўнасьцямі, апрача дароў дабраахвотных.
7 І валадар Кiр вынес начыньне Дому ГОСПАДА, якое Нэвухаднэцар вынес з Ерусалiму i палажыў у доме бога свайго.
8 І вынес яго Кiр, валадар Пэрсіі, рукамі Мiтрэдата, скарбніка, і тым лікам аддаў Шэшбацару, князю Юды.
9 І вось лiк iхні: місаў залатых трыццаць, місаў срэбных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,
10 келіхаў залатых трыццаць, і келіхаў срэбных другарадных чатырыста дзесяць, і іншага начыньня тысяча.
11 Усяго начыньня залатога i срэбнага пяць тысячаў чатырыста. Усё гэта прынёс Шэшбацар, калі прыйшлі з выгнаньня з Бабілону ў Ерусалiм.