Deuteronomy 19
1 Калі ГОСПАД, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю якіх дае табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах іхніх,
2 тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць,
3 і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб забойца знайшоў там прыбежышча.
4 Такі закон забойцы-ўцекача, жыцьцё якога мае быць захаванае: калі ён забіў бліжняга без намеру і калі супраць яго ані ўчора, ані раней ня меў нянавісьці, і гэта будзе даведзена,
5 калі пайшоў хто з бліжнім сваім у лес сьсякаць дрэвы і, схапіўшы сякеру, размахнулася рука ягоная з сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, каб ратаваць жыцьцё,
6 каб мсьціўца за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі дарога далёкая, і не забіў яго, бо ён ня вінен сьмерці, бо ня меў нянавісьці да забітага ані ўчора, ані трэцяга дня.
7 Таму я загадваю табе: выдзялі сабе тры гарады.
8 Калі ГОСПАД, Бог твой, пашырыць межы твае, як гэта запрысяг бацькам тваім, i аддасьць табе ўсю зямлю, якую запрысяг даць бацькам тваім,
9 калі ты будзеш пільна выконваць закон гэты, які я табе сёньня прадстаўляю, любіць ГОСПАДА, Бога свайго, і хадзіць шляхамі Ягонымі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры далейшыя гарады,
10 каб не праліваць нявіннай крыві ў зямлі гэтай, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць, каб не было на табе віны крыві.
11 Калі аднак чалавек з нянавісьці да бліжняга свайго цікаваў на яго, паўстаў супраць яго, і забіў яго, і уцячэ ў адзін з гэтых гарадоў,
12 то старшыні гораду гэтага пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.
13 Няхай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш нявінную кроў з Ізраіля, каб добра табе было.
14 Не парушай мяжы бліжняга твайго, якую вызначылі папярэднікі твае ў частцы тваёй, атрыманай у зямлі, якую дасьць табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.
15 Не дастаткова слова аднаго сьведкі супраць каго-небудзь у якой-колечы віне, і ў якім-колечы праступку, і ў якім-колечы граху, якім ён саграшыў, але паводле словаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.
16 Калі выступіць сьведка фальшыва супраць якога чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
17 няхай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад ГОСПАДАМ, перад сьвятарамі і судзьдзямі, якія будуць у тыя дні.
18 Судзьдзі павінны пільна праверыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы і фальшыва гаварыў на брата свайго,
19 то зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і так вынішчы зло з асяродзьдзя свайго.
20 А другія, пачуўшы, будуць баяцца і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў не адважацца рабіць.
21 Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу запатрабуеш.