Bible

Elevate

Your Sunday Morning Worship Service

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Daniel 4

:
Belarusian - БББ
1 Я, Нэвухаднэцар, быў у супакоі ў доме маім і шчасьлівы ў палацы маім.
2 Я бачыў сон, і ён напалохаў мяне, і думкі на ложку маім, і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.
3 І ад мяне быў выдадзены загад прывесьці да мяне ўсіх мудрацоў Бабілонскіх, каб яны маглі патлумачыць мне значэньне сну.
4 Тады прыйшлі чараўнікі, астролягі, Халдэі і варажбіты, і я расказаў перад імі сон, але яны не патлумачылі мне значэньне ягонае.
5 І ў канцы прыйшоў да мяне Данііл, якога імя Бэльтэшацар паводле імя бога майго, і ў якім дух Сьвятога Бога, і я расказаў перад ім сон:
6 “Бэльтэшацару, начальнік чараўнікоў! Я ведаю, што ў табе Дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая для цябе. Раскажы мне відзеж сну майго, які я бачыў, і значэньне ягонае.
7 А відзеж галавы маёй на ложку маім [такі]: я бачыў, вось, пасярод зямлі дрэва, і вышыня ягоная вялікая.
8 Дрэва вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно аж да канца ўсёй зямлі.
9 Лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і для ўсіх [ёсьць] ежа на ім; пад ім мелі цень зьвяры палявыя, а ў галінах ягоных жылі птушкі нябесныя, і ад яго жывілася кожнае цела.
10 Я бачыў у відзежах галавы маёй на ложку маім, і вось, Вартаўнік Сьвяты зыйшоў з неба;
11 Ён голасна клікаў і гэтак сказаў: “Сьсячыце дрэва і абсячыце галіны ягоныя, абтрасіце лісьце ягонае і рассыпце плады ягоныя. Няхай зьвяры зыйдуць з-пад яго, птушкі нябесныя з галінаў ягоных.
12 Але пень каранёў ягоных пакіньце ў зямлі ў ланцугах мядзяных сярод зеляніны палявой. І няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі частка ягоная ў траве зямлі.
13 Сэрца чалавечае няхай заменяць у яго і сэрца жывёлы няхай дадуць яму, і сем пораў няхай праміне пад ім.
14 Паводле пастановы вартаўнікоў загад гэты, і паводле слова Сьвятых вырак гэты, каб ведалі [ўсе] жывыя, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і найніжэйшага з людзей ставіць над ім”.
15 Гэты сон бачыў я, валадар Нэвухаднэцар. А ты, Бэльтэшацару, раскажы значэньне [ягонае], бо ўсе мудрацы валадарства майго не маглі патлумачыць мне значэньне, а ты можаш, бо Дух Сьвятога Бога ў табе”.
16 Тады Данііл, якога імя Бэльтэшацар, аслупянеў на момант адзін, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго. Адказаў валадар і сказаў: “Бэльтэшацару, сон альбо значэньне ягонае няхай не трывожыць цябе”. Адказаў Бэльтэшацар і сказаў: “Пане мой, пане мой, няхай сон гэты [будзе] тым, якія ненавідзяць цябе, і значэньне ягонае —для ворагаў тваіх.
17 Дрэва, якое ты бачыў, якое вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно на ўсёй зямлі,
18 і лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і ежа для ўсіх [ёсьць] на ім, пад ім жылі зьвяры палявыя, і ў галінах ягоных птушкі нябесныя сяліліся,
19 гэта ты, валадару, які вырас і стаў магутным, і вялікасьць твая вырасла і дасягнула неба, і ўлада твая да канца зямлі.
20 А што валадар бачыў Вартаўніка Сьвятога, Які зыйшоў з неба і сказаў: “Сьсячыце дрэва гэтае і зьнішчыце яго, але пакіньце пень каранёў ягоных у зямлі ў ланцугах жалезных і мядзяных сярод зеляніны палявой, і няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі палявымі частка ягоная, аж пакуль сем пораў праміне над ім,”
21 вось значэньне, валадару, і вось пастанова Найвышэйшага, якая прыйдзе на пана майго, валадара:
22 І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і будзе раса нябесная мачыць цябе, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча.
23 А што сказалі пакінуць пень каранёў дрэва, [азначае, што] валадарства тваё застанецца пры табе аж пакуль ты даведаешся, што пануе неба [над табою].
24 Дзеля гэтага, валадару, няхай рада [мая] будзе даспадобы табе, і скасуй грэх твой праведнасьцю, і правіны твае міласэрнасьцю да бедных. Можа, гэтым ты прадоўжыш дабрабыт твой”.
25 Усё гэта прыйшло на Нэвухаднэцара валадара.
26 Напрыканцы дванаццаці месяцаў, шпацыруючы па палацы валадарскім у Бабілоне,
27 адказаў валадар і сказаў: “Хіба не вялікі гэты Бабілон, які я пабудаваў як дом валадарства моцаю сілы маёй дзеля славы і велічы маёй?”
28 Калі яшчэ слова было ў вуснах валадара, голас з неба зыйшоў: “Табе кажуць, Нэвухаднэцару валадар! Валадарства адыйшло ад цябе.
29 І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча”.
30 У той жа момант слова споўнілася над Нэвухаднэцарам, і ён быў выгнаны ад людзей, і еў траву, як валы, і раса нябесная мачыла цела ягонае, ажно валасы ягоныя вырасьлі як [пер’е] арла, і пазногці ягоныя як [кіпцюры] птушак.
31 І калі скончыліся дні гэтыя я, Нэвухаднэцар, узьняў вочы мае да неба, і розум мой вярнуўся да мяне, і я дабраславіў Найвышэйшага, выхваляў і ўславіў Таго, Які жыве на вякі, бо ўлада Ягоная улада вечная, і валадарства Ягонае з пакаленьня ў пакаленьне,
32 і ўсе жыхары зямлі нічога ня значаць, а Ён дзейнічае паводле волі Сваёй сярод войска нябеснага і сярод жыхароў зямлі; і ніхто ня можа стрымаць руку Ягоную і сказаць Яму: “Што Ты робіш?”
33 У той час розум мой вярнуўся да мяне, і слава валадарства майго, веліч мая і выгляд мой вярнуліся да мяне. І раднікі мае, і магнаты мае шукалі мяне, і я ўмацаваўся на валадарстве сваім, і маестат яшчэ большы быў дадзены мне.
34 Цяпер я, Нэвухаднэцар, выхваляю, вывышаю і слаўлю Валадара Нябеснага, бо ўсе ўчынкі Ягоныя праўда, і шлях Ягоны правасудзьдзе, Ён можа панізіць тых, якія ходзяць пыхліва».