Bible

Create

Inspiring Presentations Without Hassle

Try Risen Media.io Today!

Click Here

Revelation 21

:
Belarusian - ББЧ
1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі і мора ўжо няма.
2 І я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, які сыходзіць з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.
3 І пачуў я голас з пасаду магутны, які кажа: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам,
4 і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула».
5 І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я ствараю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя».
6 І сказаў мне: «Сталася! Я Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця.
7 Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
8 Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванапаклоннікаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць».
9 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жонку, нявесту Ягняці».
10 І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне вялікі, святы горад Ерузалім, які сыходзіў з неба ад Бога
11 і меў славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю.
12 І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсць імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля.
13 Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы.
14 І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці.
15 І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур яго.
16 І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня аднолькавыя.
17 І змераў мур яго ста сарака чатырма локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская.
18 І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.
19 Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы яспісам, другі сапфірам, трэці халцэдонам, чацвёрты смарагдам,
20 пяты сардоніксам, шосты сердалікам, сёмы хрызалітам, восьмы берылам, дзевяты тапазам, дзесяты хрызапразам, адзінаццаты гіяцынтам, дванаццаты аметыстам.
21 І дванаццаць брам дванаццаць перлаў; кожная брама была з аднаго перла. І вуліца горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.
22 І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй, і Ягня.
23 І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо слава Божая асвятляе яго і Ягня ёсць свяцільняй яго.
24 І будуць хадзіць народы збаўленых у святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар.
25 І брамы яго не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы не будзе ўжо там.
26 І ўнясуць у яго славу і гонар народаў.
27 І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін, хто чыніць агіду і хлусню, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці.