Bible

Engage

Your Congregation Like Never Before

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Revelation 19

:
Belarusian - ББЧ
1 Пасля гэтага пачуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, што казалі: «Алілуя! Збаўленне, і слава, і пашана, і магутнасць Богу нашаму,
2 бо праўдзівыя і справядлівыя суды Яго. Бо Ён асудзіў распусніцу вялікую, якая разбэшчвала зямлю сваёй распустаю, і адпомсціў за кроў паслугачоў Сваіх ад рук яе».
3 І зноў усклікнулі: «Алілуя! І дым з яе падымаецца на векі вечныя».
4 І палі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывёліны, і аддалі паклон Богу, Які сядзіць на пасадзе, і ўсклікнулі: «Амін! Алілуя!».
5 І голас зышоў ад пасада, кажучы: «Слаўце Бога нашага, усе паслугачы Яго, якія Яго баяцца, малыя і вялікія».
6 І пачуў я быццам голас незлічонай грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымот, якія кажуць: «Алілуя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны.
7 Узрадуемся і ўсцешымся, і аддадзім славу Яму, бо надышоў час шлюбу Ягняці і жонка Яго падрыхтавала сябе.
8 І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і ззяючы, вісон жа ёсць учынкі праведнасці святых».
9 І кажа мне: «Напішы: “Шчасныя пакліканыя на вячэру шлюбную Ягняці”». І кажа мне: «Гэта сапраўды словы Божыя».
10 І я паў яму да ног, каб ушанаваць яго. А ён кажа мне: «Глядзі, не рабі гэтага! Бо я саслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сведчанне Ісуса. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісуса ёсць дух прароцтва».
11 І ўбачыў я адкрытае неба; і вось, белы конь; і на ім сядзеў Вершнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца.
12 Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэм, імя Яго напісанае, якога ніхто не ведае, апрача Яго Самога,
13 і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго Слова Божае.
14 І войска нябеснае, апранутае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім.
15 І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе пасвіць іх жалезным кіем і Ён стопча ступу віна лютасці гневу Бога Усемагутнага.
16 І мае на вопратцы і на сцягне Сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых.
17 І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба, кажучы: «Хадзіце і збярыцеся на вялікую вячэру Божую,
18 каб паесці целы цароў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і іх вершнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх».
19 І пабачыў я звера і цароў зямлі, а поруч войска іх, падрыхтаванае да бою з Тым, Які сядзеў на кані, і з войскам Яго.
20 І схоплены быў звер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі меціну звера і што пакланяліся перад яго абразом. Абодва яны былі жывымі кінуты ў возера вогненнае, палаючае серкай.
21 А іншыя былі забіты мячом Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Яго. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.