Psalms 34
1 Давідаў. Калі ўдаваў сябе за змяшанага ў розуме перад Абімэлехам і пайшоў, выгнаны ім.
2 Буду дабраслаўляць Госпада ўвесь час, хвала Яго заўсёды ў маіх вуснах.
3 Госпадам будзе выхваляцца душа мая, хай чуюць [гэта] пакорлівыя і хай радуюцца.
4 Узвялічвайце Госпада са мною і давайце ўзнясём імя Яго ўсе разам.
5 Пачаў я шукаць Госпада, і Ён выслухаў мяне і вырваў Ён мяне з усіх трывог маіх.
6 Зірніце на Яго — і прасвятлееце, і твары вашыя не засаромеюцца.
7 Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад выслухаў яго, і з усіх бед выратаваў яго.
8 Анёл Госпадаў абароніць усіх тых навокал, што баяцца Яго, і вырве іх.
9 Пакаштуйце і паглядзіце, які салодкі Госпад; шчасны чалавек, які ўсклаў надзею на Яго.
10 Бойцеся Госпада, святыя Яго, бо няма нястачы для тых, што баяцца Яго.
11 Багатыя збяднелі і пачалі галадаць, а вось тыя, што шукалі Госпада, не будуць мець нястачы ні ў чым добрым.
12 Хадзіце, сыны, слухайце мяне: навучу я вас пашане да Бога.
13 Што гэта за чалавек, які хоча жыць, шануе дзень, каб пабачыць добрае?
14 Утрымлівай язык свой ад ліха і вусны твае хай не гавораць падступна.
15 Адступіся ад ліха і чыні дабро, шукай спакою і імкніся да яго,
16 бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх.
17 Але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха, каб сцерці з зямлі і памяць аб іх.
18 [Справядлівыя] паклікалі — і Госпад выслухаў, і вызваліў іх ад усіх бед іх.
19 Блізкі Госпад да тых, што спакутаваны сэрцам, і пакораных духам Ён уратуе.
20 Многа бед у справядлівых, але з усіх іх уратуе іх Госпад.
21 Сцеражэ Ён усе косці іх, не зломіцца ні адна з іх.
22 Крывадушнасць знішчыць грэшніка, і тыя, што ўзненавідзелі справядлівага, будуць пакараныя.
23 Госпад адкупіць душы паслугачоў сваіх, і не будуць пакараныя ўсе тыя, што пакладаюць і Ім надзею.