Leviticus 26
1 Не рабіце сабе ідалаў і выяў, і не стаўляйце ані камянёў, ані каменных фігур не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — Госпад, Бог ваш.
2 Святкуйце суботы Мае і шануйце святыню Маю. Я — Госпад!
3 Калі будзеце жыць паводле прыказанняў Маіх, і берагчы загады Мае, і спаўняць іх,
4 Я дам вам у свой час дажджы, і зямля будзе даваць свой ураджай, і дрэвы напоўняцца пладамі.
5 І малацьба хлеба працягнецца да збору вінаграду, а збор вінаграду працягнецца да сяўбы, ды будзеце есці хлеб ваш удосталь, і без турбот будзеце жыць на сваёй зямлі.
6 Я дам супакой на межах вашых, і будзеце вы спаць і не будзе каму вас палохаць. Я прыму дзікіх звяроў, і меч не пройдзе па зямлі вашай.
7 Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць ад меча вашага.
8 Пяцёра з вас прагоняць сотню чужынцаў, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысяч. І будуць падаць ворагі вашы ад меча вашага.
9 Я прыхілюся да вас і зраблю, каб вы пладзіліся, і вы размножыцеся; і заключу Я запавет Мой з вамі.
10 Вы будзеце есці старое збожжа з леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя зборы, павыкідаеце старыя.
11 Я пастаўлю прыпынак Мой сярод вас, і не будзе брыдзіцца вамі душа Мая.
12 Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам.
13 Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў пруты ярма вашага, каб хадзілі вы з паднятымі галовамі.
14 А калі не будзеце Мяне слухаць і не будзеце выконваць усіх гэтых прыказанняў Маіх,
15 калі пагардзіце законамі Маімі і душа ваша не будзе зважаць на прысуды Мае, і не будзеце выконваць усяго, што Мною пастаноўлена, ды будзеце парушаць Мой запавет,
16 тады Я так зраблю вам: наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, якія спрычыняюць слепату і нішчаць душу. Надарма будзеце сеяць насенне, бо з’ядуць яго ворагі.
17 Я павярну аблічча Сваё на вас, і будзеце вы падаць ад ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, якія вас зненавідзелі, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто не будзе гнацца за вамі.
18 А калі і тады не будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас дзеля грахоў вашых у сем разоў
19 ды сатру пыхлівасць сілы вашай. Я дам для вас неба зверху, як жалеза, а зямлю, як медзь.
20 Надарма будзе марнавацца сіла ваша; зямля не будзе даваць ураджаю, а дрэвы не дадуць пладоў.
21 Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашы ў сем разоў.
22 Я напушчу на вас звяроў палявых, якія пазбавяць вас дзяцей вашых і знішчаць жывёлу вашу, ды зменшаць колькасць вашу; пустымі стануцца дарогі вашы.
23 Калі і далей не захочаце ўспрымаць вучэння ды будзеце хадзіць супраць Мяне,
24 дык і Я пайду супраць вас і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашы.
25 Я навяду на вас меч, мсціўцу за парушэнне запавету Майго. А калі паўцякаеце ў гарады вашы, Я пашлю заразу на вас, і будзеце вы выдадзены ў рукі ворагаў.
26 Калі Я знішчу хлеб, вашу падпору, тады пячы будуць дзесяць жанчын хлеб ваш у адной печы, і будуць выдаваць яго пад мерку, і вы будзеце есці і не наясцеся!
27 А калі і дзеля гэтага не будзеце слухаць Мяне і будзеце хадзіць супраць Мяне,
28 дык Я выступлю супраць вас з гвалтоўным абурэннем; Я пакараю вас сямікроць за грахі вашы,
29 так што будзеце есці целы сыноў і дачок вашых.
30 Я зруйную вашы ўзгоркі, паб’ю слупы, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі,
31 настолькі, што гарады вашы зраблю пустыняй, і спустошу святыні вашы, і не прыму больш найпрыемнейшага паху.
32 Я спустошу зямлю вашу, аж будуць дзівіцца ворагі вашы, якія яе заселяць.
33 Вас жа расцярушу між народамі і пушчу меч услед за вамі; і будзе зямля ваша пустая, а гарады будуць зруйнаваныя.
34 Тады зямля будзе адзначаць свае суботы ўсе дні свайго спусташэння, а вы апынецеся ў зямлі варожай. Тады зямля адпачываць будзе і святкаваць суботы.
35 Усе дні спусташэння свайго будзе святкаваць яна адпачынак, якога не святкавала ў час вашых субот, калі вы ў ёй жылі.
36 А тым, якія з вас застануцца, Я папушчу страх у сэрцы іх у зямлі варожай. Будзе палохаць іх шум лятучага ліста так, што будуць уцякаць, як ад меча, і, хоць ніхто не будзе за імі гнацца, упадуць.
37 І будуць нападаць брат на брата свайго, быццам бы пераследуючы ў вайне, хоць ніхто не будзе гнацца. Ніхто з вас не зможа ўстаяць перад ворагам.
38 Вы загінеце паміж народамі, і праглыне вас зямля варожая!
39 А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у сваіх беззаконнях у землях сваіх ворагаў, і дзеля грахоў бацькоў сваіх змарнеюць разам з імі.
40 Тады прызнаюцца яны ў злачынствах сваіх і бацькоў сваіх, якімі спаганіліся адносна Мяне і хадзілі супраць Мяне.
41 Таму Я выйшаў супраць іх ды ўвёў іх у зямлю варожую; і тады ўпакорыцца іх неабрэзанае сэрца, і тады панясуць яны кару за свае беззаконні.
42 Тады Я ўзгадаю запавет Мой, які заключыў Я з Якубам, і Ізаакам, і Абрагамам. Тады вось успомню Я зямлю,
43 якая, хаця пакінута імі, падабаецца ім, у час субот іх церпячы спустошанасць ад іх. А яны будуць несці кару за свае грахі, бо адкінулі Мае законы і пагардзілі пастановамі Маімі.
44 Але і тады, калі яны былі ў зямлі ворагаў іх, Я не адкінуў іх, не пагардзіў, каб іх знішчыць ды зламаць Маю дамову з імі, бо Я — Госпад, Бог іх.
45 Дык прыгадаю Я ім запавет Мой з продкамі, якіх вывеў Я з зямлі Егіпецкай перад абліччам усіх народаў, каб быць іх Богам. Я — Госпад!”»
46 Гэта пастановы, прыказанні і законы, якія даў Госпад на гары Сінай адносна Сябе і адносна сыноў Ізраэля праз Майсея.