Leviticus 23
1 Вось што прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
2 «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: “Вось якія святы ў Госпада, у якія вы будзеце склікаць сходы святых; гэтыя вось святы Мае.
3 Шэсць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — субота супачынку, сход святы, не будзеце зусім працаваць, бо гэта субота для Госпада ва ўсіх месцах пражывання вашага.
4 Вось святы Госпада, святыя сходы, якія павінны вы святкаваць у свой час.
5 У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, вечарам выпадае Пасха Госпадава.
6 А пятнаццатага дня таго самага месяца выпадае ўрачыстасць праснакоў Госпада. Сем дзён будзеце есці праснакі.
7 У першы дзень будзе ў вас сход святы; не будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень,
8 але праз сем дзён будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую. У сёмы ж дзень будзе сход святы, ніякай працы ў той дзень не будзеце рабіць”».
9 Потым сказаў Госпад Майсею:
10 «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце ўчыняць жніво, то прынясіце святару першы сноп жніва вашага.
11 Ён уздыме сноп перад Госпадам, каб Ён быў для вас спрыяльным; у другі дзень пасля суботы асвяціць ён яго.
12 Таксама ў той дзень, у якім прынясеце ў ахвяру сноп, складзіце ахвяру цэласпалення Госпаду з гадавалага ягняці, без заганы,
13 і разам з ім ахвяру з ежы з дзвюх дзесятых мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на прыемны пах Госпаду, а таксама ахвяру вадкую Яму, чвэрць гіна віна.
14 Аж да гэтага дня не будзеце есці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня новага ўраджаю, пакуль не складзеце з яго ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленням вашым ва ўсіх месцах прабывання вашага.
15 Адлічыце сабе ад другога дня пасля суботы, ад дня, у які прынясеце сноп для ўздымання, сем поўных тыдняў,
16 аж да другога дня па сёмай субоце, гэта значыць пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру Госпаду.
17 Прынясіце з вашых месцаў пражывання па два хлябы для ўздымання, кожны з двух дзесятых [эфы] мукі квашанай, якія спячыце як пяршыні Госпаду.
18 Апрача хлеба, складзіце ў ахвяру сем ягнят без заганы, аднагадовых, аднаго маладога быка і двух бараноў. Яны будуць ахвяраю цэласпалення Госпаду разам з ахвяраю хлебнай і з вадкаю ахвярай вашай на найпрыемнейшы пах Госпаду.
19 Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і двух бараноў аднагадовых як ахвяру прымірэння.
20 І калі святар уздыме іх перад Госпадам разам з хлябамі пяршыняў і разам з двума баранамі, будзе гэта святыняй для Госпада на ўжытак святара.
21 У той самы дзень збярыце сход, гэта будзе для вас сход святы. Ніякай работы не будзеце рабіць у той дзень. Гэта будзе вечная пастанова ва ўсіх месцах пражывання вашага, для ўсіх пакаленняў вашых.
22 Калі будзеце жаць на зямлі вашай, не будзеце дажынаць да мяжы поля ды не будзеце збіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прышэльцам. Я — Госпад, Бог ваш”».
23 Далей казаў Госпад Майсею:
24 «Скажы сынам Ізраэля: “У першы дзень сёмага месяца будзе вам адпачынак, напамін, і будзе ў вас святы сход пры гуку труб.
25 Не будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую”».
26 Далей казаў Госпад Майсею:
27 «Вось жа, дзесятага дня гэтага самага сёмага месяца выпадзе дзень ачышчэння, і будзе ў вас святы сход. У той дзень будзеце ўпакорваць душы вашыя і будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя.
28 Не будзеце рабіць у той дзень аніякай работы, бо гэта дзень ачышчэння, дзеля ачышчэння вашага перад Госпадам, Богам вашым.
29 Усякая душа, якая не будзе посціць у той дзень, будзе вынішчана з народа свайго.
30 І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу з народа яго.
31 Дык нічога не будзеце рабіць у той дзень. Гэта будзе пастанова вечная для ўсіх пакаленняў вашых, ва ўсіх месцах пражывання вашага.
32 Гэта субота супачынку вашага, і будзеце вы посціць; з вечара дзевятага дня да вечара дзесятага дня будзеце святкаваць суботу вашую».
33 Зноў сказаў Госпад Майсею:
34 «Скажы сынам Ізраэля: “У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца будзе свята палатак, сем дзён Госпадавых.
35 У першы дзень — святы сход; у той дзень не рабіце ніякай работы.
36 Усе сем дзён складайце агнявую ахвяру Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас святы сход і складзеце агнявую ахвяру Госпаду. Гэта — сход: не рабіце ніякай работы.
37 Гэтыя вось святы Госпадавы, у якія будзеце склікаць святыя сходы, у якіх будзеце складаць агнявыя ахвяры Госпаду: цэласпаленні, ахвяры хлебныя, крывавыя ахвяры ды вадкія ахвяры, кожную ў свой дзень,
38 апрача субот Госпадавых і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяраваць на прысягу або добраахвотна дасцё Госпаду.
39 Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі збярэце ўсе плады зямлі, будзеце святкаваць урачыстасць Госпада сем дзён; у першы дзень і восьмы будзе адпачынак.
40 У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэва, лісты пальмавыя ды галіны дрэў густалістых і пруты вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад Госпадам, Богам вашым, сем дзён.
41 Будзеце святкаваць гэтую ўрачыстасць штогод сем дзён. Гэта будзе пастанова вечная для вашых пакаленняў. У сёмы месяц будзеце святкаваць гэтае свята.
42 Сем дзён будзеце жыць у палатках. Кожны, хто з роду Ізраэля, будзе жыць у палатках,
43 каб навучаліся нашчадкі вашыя, што пасяліў Я сыноў Ізраэля жыць у палатках, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!”»
44 Так вось расказаў Майсей сынам Ізраэля пра ўрачыстасці Госпадавы.