Leviticus 20
1 Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
2 «Кажы сынам Ізраэля: “Хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць у Ізраэлі, дасць адно са сваіх дзяцей ідалу Малоху, будзе пакараны смерцю; народ землі хай укамянуе яго.
3 І Я Сам звярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго з народа яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў святыню Маю ды зняважыў святое імя Маё.
4 Калі землякі яго закрыюць вочы свае, каб не бачыць такога чалавека, які аддаў адно са сваіх дзяцей Малоху, ды не захочуць забіць яго,
5 то Я Сам звярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць яго сям’і ды выкараню яго з народа яго, а таксама тых усіх, якія спачуваюць яму ў тым, каб распуснічаць з Малохам.
6 Таксама супраць кожнай душы, якая звернецца да выклікаючых духі памерлых або да варажбітоў і будзе распуснічаць з імі, Я звярну аблічча Маё і выкараню яе з народа яе.
7 Дык асвяціцеся і будзьце святымі, бо Я — Госпад, Бог ваш!
8 Захоўвайце прыказанні Мае і выконвайце іх. Я — Госпад, Які асвячае вас!
9 Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, будзе пакараны смерцю; хто праклінаў бацьку або маці, той выклікаў смерць на сябе.
10 Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай ці ўчыніць пералюб з жонкай блізкага свайго, будзе пакараны смерцю і чужаложнік, і чужаложніца.
11 Калі хто ляжа з жонкаю бацькі свайго і адкрые галізну бацькі свайго, то будуць пакараны смерцю абодва, яны самі гэтую смерць сцягнуць на сябе.
12 Хто ляжа з нявесткай, будзе разам з ёю пакараны смерцю, бо яны ўчынілі злачынства і самі гэтую смерць сцягнулі на сябе.
13 Калі хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, то абодва дапускаюцца брыдоты і будуць пакараныя смерцю; яны самі на сябе гэтую смерць сцягнулі.
14 Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе маці, дапускаецца злачынства: ён і яна будуць спалены ў агні, каб толькі не было распусты сярод вас.
15 Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны смерцю. Жывёлу таксама забіце.
16 Калі жанчына злучыцца з якой-небудзь жывёлай, адразу забі іх разам, хай будуць пакараныя смерцю; самі гэтую смерць на сябе сцягнулі.
17 Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або маці сваёй, і будзе аглядаць яе галізну, а яна будзе аглядаць галізну брата, гэта сорам; хай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў галізну сястры сваёй, панясе ён правіннасць сваю.
18 Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые яе галізну, то ён адкрывае крыніцу яе крыві, і яна таксама адкрывае крыніцу сваёй крыві; абодва вынішчаны будуць з народа свайго.
19 Не адкрывай галізны сястры маці сваёй або сястры бацькі свайго, хто так робіць, галізну цела свайго адкрывае; панясуць абодва правіннасць сваю.
20 Хто ляжа з жонкай стрыя або вуя свайго, той адкрывае галізну блізкага свайго, абодва панясуць грэх свой, памруць бяздзетныя.
21 Хто бярэ жонку брата свайго, гэта нячыстасць. Адкрыў ён галізну свайго брата, будуць яны бяздзетныя.
22 Захоўвайце ўсе пастановы ды ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб вас не выкінула зямля, у якую вы збіраецеся ўвайсці і жыць там.
23 Не жывіце паводле звычаяў народаў, якія Я збіраюся выгнаць перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі”.
24 Вось жа, сказаў Я вам: “Вы возьмеце зямлю іх, Я дам яе вам у спадчыну — зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Я — Госпад, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад іншых народаў.
25 Дык адрознівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душ вашых жывёлай і птушкамі ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі і што Я вылучыў вам як нячыстае.
26 Будзьце перад Мною святымі, бо Я святы, Я — Госпад, і Я аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі.
27 Мужчына або жанчына, якія будуць варажыць або прадказваць будучыню і выклікаць духаў памерлых, будуць пакараныя смерцю. Хай закідаюць іх каменнем; яны самі заслужылі такую смерць”».