Leviticus 14
1 Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
2 «Гэта закон адносна пракажанага, калі належыць яму ачышчацца: прывядуць яго да святара,
3 а ён выйдзе з лагера і, калі выявіць, што праказа вылечаная,
4 загадае, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзве птушкі жывыя, чыстыя, і кедравага дрэва, і кармазынавыя ніткі, і гізоп.
5 Потым святар загадае забіць адну птушку ў гліняным начынні над жывою вадой.
6 Пасля другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедравага, з ніткамі кармазынавымі і з гізопам умочыць у крыві птушкі, забітай над жывою вадою,
7 і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, каб той быў ачышчаным па законе. А жывую птушку выпусціць, каб ляцела ў поле.
8 Калі ачышчаны памые адзенне сваё, абголіць усе валасы на целе і вымыецца ў вадзе, і, ачышчаны, увойдзе ў лагер, аднак будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.
9 І сёмага дня абголіць ён валасы на галаве, бараду і бровы, ды валасы на ўсім целе, і вымые адзенне і цела сваё вадой, і будзе чысты.
10 Восьмага дня возьме ён двух бараноў без заганы, адну гадавалую авечку без плямы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, змешанай з алеем, як ахвяру [з ежы] і адзін лог алею.
11 Потым святар, які ачышчае, паставіць гэтага чалавека з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў палатку сустрэчы.
12 Пасля возьме аднаго барана і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, уздымаючы ўсё гэта перад Госпадам.
13 І заб’е барана на месцы, на якім звычайна забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпалення, на месцы святым. Як ахвяра за грэх, так і ахвяра за праступак належыць святару, гэта святая рэч!
14 Далей возьме святар кроў ахвяры аднагараджэння і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі.
15 Далей святар з лога алею вылье на сваю левую далонь
16 і памочыць правы палец у ім ды пакропіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.
17 Рэштай алею ў левай руцэ святар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі; над крывёй ахвяры за праступак.
18 І ускладзе на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысціць яго перад Госпадам.
19 Пасля святар складзе ахвяру за грэх і ачысціць таго, хто ачышчаецца ад нячыстасці яго. Далей заб’е ахвяру цэласпалення
20 і складзе яе на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай, і чалавек будзе ачышчаны па законе.
21 Калі ж хто бедны і рука яго не можа знайсці таго, што прадпісана, хай возьме барана ў ахвяру за праступак для ўздымання, каб ачысціў яго святар, а таксама дзесятую частку мукі, запраўленай алеем, у ахвяру і адзін лог алею,
22 і дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, якіх зможа знайсці рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленне.
23 Ды прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэння святару да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам.
24 Святар возьме ягня за грэх і лог алею ды разам уздыме перад Госпадам.
25 І заб’е барана ў ахвяру за грэх, кроўю яго памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
26 Далей святар налье алею на сваю левую далонь
27 і, памачыўшы ў ёй палец правай рукі, пакропіць сем разоў перад Госпадам.
28 Далей святар памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі над месцам крыві, што праліта ў ахвяру за праступак.
29 Рэшту ж алею, што застаўся на левай руцэ, вылье на галаву чалавека, які ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад Госпадам.
30 Пасля ахвяруе туркавак або маладых галубоў, якіх знойдзе яго рука,
31 аднаго за праступак, а другога на цэласпаленне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысціць яго святар перад Госпадам.
32 Такая вось ахвяра пракажанага, які не ў стане мець усяго для ачышчэння свайго».
33 Гэта вось прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
34 «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам ва ўласнасць, калі б з’явілася пляма праказы на дамах пасялення вашага,
35 хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць святару, кажучы: “Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме”.
36 І той загадае, каб вынеслі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе пасля святар, каб агледзець дом.
37 І калі б заўважыў на сценах яго нібы ямінкі, пакрытыя агіднай плесенню або чырванню, якія пашыраюцца на [усё] астатняе,
38 тады выйдзе з дому да дзвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.
39 Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што пляма-язва разраслася,
40 загадае тое каменне, на якім зараза, вырваць ды выкінуць яго за горадам у нячыстым месцы,
41 дом жа кругом унутры абскрэбсці і абскрэбкі высыпаць у месцы нячыстым за горадам.
42 Пасля ўзяць другія каменні замест тых, што былі вынесены, і абтынкаваць дом іншай глінай.
43 Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменні, а дом абскрэблі і абтынкавалі іншай глінай,
44 дык прыйдзе святар і агледзіць, што зараза ў доме разраслася; значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
45 Тады дом гэты зараз жа разбяруць. Каменне з яго, і дрэва, і ўвесь попел з дому таго выкінуць за горадам у нячыстым месцы.
46 Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён закрыты, будзе ён нячысты да вечара,
47 а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзенне сваё.
48 Калі вось святар прыйдзе і агледзіць, што зараза не разраслася ў гэтым доме па новым абтынкаванні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылечана.
49 Каб ачысціць дом, ён возьме дзве птушкі, кавалак дрэва кедравага, ніткі кармазынавыя і гізоп.
50 І заб’е адну птушку ў пасудзіне глінянай над жывой вадою.
51 Пасля возьме кедравага дрэва, гізоп, ніткі кармазынавыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе і пакропіць сем разоў дом.
52 Такім чынам ачысціць ён крывёй птушкі гэты дом і вадой жывой, і жывой птушкай, і дрэвам кедравым, і гізопам, і ніткамі кармазынавымі.
53 Жывую птушку пусціць за горадам свабодна ляцець у поле. Такім чынам ачысціць дом, і ён будзе чыстым.
54 Гэта закон адносна ўсякай праказы і паршывасці,
55 праказы адзення і дому, пухліны, скулы і белай плямы,
56 каб можна было ведаць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».