Leviticus 10
1 Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узяўшы кадзільніцы, паклалі у агонь ды яшчэ і духмянасці, складаючы ў ахвяру перад Госпадам іншы агонь, а не той, што быў загаданы.
2 Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад Госпадам.
3 Дык сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў Госпад: “Я аб’яўлю Сваю святасць тым, якія набліжаюцца да Мяне, ды ўслаўлюся перад усім народам”». Аарон, чуючы гэта, маўчаў.
4 Тады Майсей паклікаў Місаэля і Элісафана, сыноў Азіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, і забярыце братоў вашых з месца святога, і вынесіце іх за лагер».
5 Яны зараз пайшлі і вынеслі іх, як ляжалі яны, апранутых у шаты свае, вонкі, як ім было загадана Майсеем.
6 Майсей сказаў тады Аарону, Элеязэру і Ітамару, сынам яго: «Не галіце валасоў вашых і не раздзірайце адзення, каб часам не былі вы пакараныя смерцю, ды каб не ўзняўся гнеў на ўсю супольнасць. Браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля могуць плакаць над спаленнем, якое ўчыніў Госпад.
7 Вы ж не выходзьце па-за палатку сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазання Госпада на вас». І яны зрабілі ўсё, як Майсей ім загадаў.
8 І казаў таксама Госпад Аарону:
9 «Калі ўваходзіце ў палатку сустрэчы, то ані ты, ані твае сыны не піце віна, ані ўсяго таго, што можа п’яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны ў пакаленнях вашых,
10 каб умелі адрозніваць паміж святым і паганым, паміж нячыстым і чыстым,
11 каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказанням Маім, якія Госпад аб’явіў ім непасрэдна праз Майсея».
12 Вось што сказаў Майсей Аарону і сынам яго, Элеязэру і Ітамару, якія засталіся: «Вазьміце ахвяру хлебную, што засталася ад агнявых ахвяр Госпада, і ежце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта самая святая рэч.
13 Ежце яе ў святым месцы, бо будзе дадзена яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяр Госпадавых, як мне загадана.
14 Грудзіну ўздымання і лапатку даравання маеце есці на найчысцейшым месцы, ты і сыны твае, ды дочкі твае з табою; бо гэта пакінута табе і дзецям тваім з ахвяр прымірэння сыноў Ізраэля.
15 Лапатка і грудзіна хай складаюцца з агнявымі ахвярамі тлушчу для ўздымання перад Госпадам ды хай належаць табе і сынам тваім паводле вечнага закону, як загадаў Госпад».
16 Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і знайшоў яго спаленага. Дык разгневаўся ён на сыноў Аарона, Элеязэра і Ітамара, ды сказаў ім:
17 «Чаму не з’елі вы ахвяру за грэх у святым месцы? Гэта ж самая святая рэч. Яна дадзена вам, каб вы знімалі грахі з супольнасці для ачышчэння іх перад Госпадам.
18 А асабліва, калі частка крыві яе не была ўнесена ў месца святое, вы мусілі яе з’есці ў свяцілішчы, як загадана мне».
19 Аарон адказаў: «Складзена сёння ахвяра за грэх, і цэласпаленне іх перад Госпадам. Са мною здарылася тое, што бачыш. Калі сёння з’ем ахвяру за грэх, ці гэта ўпадабае Госпад?»
20 Майсей выслухаў гэта і прыняў апраўданне.