Bible

Connect

With Your Congregation Like Never Before

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Judges 15

:
Belarusian - ББЧ
1 А па нейкім часе, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон прыйшоў, жадаючы наведаць жонку сваю, і прынёс ёй казляня з казінага статка. Калі хацеў увайсці, як звычайна, у пакой яе, бацька яе забараніў яму,
2 кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму; але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе: хай яна будзе табе жонкаю».
3 Адказаў яму Самсон: «З гэтага дня не буду вінаваты адносна філістынцаў, бо буду вам рабіць шкоду».
4 І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і звязаў іх хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні.
5 Запаліўшы паходні, ён пусціў лісаў, каб яны разбегліся ў розныя бакі. Лісы адразу ж пабеглі на палі філістынцаў. Запаліўшы іх, яны спалілі і ўжо сабраны ўраджай, і тое, што ў той час было ў сцябле, так што полымя ахапіла нават і вінаграднікі з маслінавымі гаямі.
6 І пыталіся філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тамны, бо ён адабраў у яго жонку і аддаў яе іншаму вось што ён зрабіў». Дык пайшлі тады філістынцы і спалілі жанчыну і бацьку яе.
7 А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, то не супакоюся, пакуль вам не адпомшчу».
8 І прынёс ім вялікае знішчэнне, перабіваючы сцёгны і лыткі. А ён пайшоў і абжыўся ў пячоры скалы ў Этаме.
9 І пайшлі філістынцы ў зямлю Юды і сталі лагерам, і да Лехі даходзілі іх войскі.
10 І сказалі ім тады людзі з пакалення Юды: «Чаму вы выступілі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і аддаць яму за тое, што ён нам зрабіў».
11 Дык тры тысячы мужчын з пакалення Юды пайшлі да пячоры скалы ў Этаме і сказалі Самсону: «Ці ты не ведаеш, што філістынцы валадараць над намі? Чаму ты пажадаў зрабіць гэта?» Ён ім адказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў».
12 «Прыйшлі мы, кажуць яму, звязаць цябе і выдаць у рукі філістынцаў». Сказаў ім Самсон: «Прысягніце і паабяцайце мне, што мяне не заб’яце».
13 Яны сказалі: «Не заб’ём, але звязанага, выдадзім цябе». І звязалі яго дзвюма новымі вяроўкамі, і звялі яго са скалы ў Этаме.
14 Калі прыбыў ён у Леху і філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач, Дух Госпадаў сышоў на яго, і, як звычайна знішчаецца лён ад вогненнага дыму, так вяроўкі, якімі быў ён звязаны, рассыпаліся і развязаліся.
15 Тады, знайшоўшы яшчэ свежую асліную сківіцу, ён, схапіўшы яе, знішчыў ёю тысячу чалавек.
16 І сказаў ён: «Сківіцаю аслінаю я знішчыў іх, сківіцаю дзіцяняці аслінага тысячу чалавек я забіў!»
17 І, калі пракрычаў ён гэтыя словы, кінуў з рукі сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехі.
18 І, чуючы вялікую смагу, паклікаў ён Госпада, і казаў: «Ты рукою слугі Свайго даў гэта найвялікшае збаўленне і перамогу, і вось, я паміраю ад смагі і траплю ў рукі неабрэзаных».
19 Тады Бог адкрыў скалу ля Лехі і выцекла адтуль вада. Напіўшыся вады, ён ажыў духам і набраўся сілы. Таму тое месца называюць Эн-Гакарэ да сённяшняга дня.
20 І быў ён суддзёю Ізраэля ў дні філістынцаў дваццаць гадоў.