Bible

Power Up

Your Services with User-Friendly Software

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Joshua 3

:
Belarusian - ББЧ
1 І вось, Ешуа, з ночы ўстаўшы, падняў лагер. І, выйшаўшы з Сэтыма, прыбылі яны на Ярдан; ён і ўсе сыны Ізраэля; і затрымаліся там перад пераправай.
2 Па трох днях прайшлі кіраўнікі праз лагер
3 і далі загад народу: «Калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада, Бога вашага, і святароў з роду левіцкага, што нясуць яго, дык вы, устаўшы, ідзіце за ім.
4 Хай паміж вамі і каўчэгам будзе прастора каля двух тысяч локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якою дарогаю ісці, бо раней вы гэтаю дарогай не хадзілі».
5 І сказаў Ешуа народу: «Асвяціцеся, бо заўтра выявіць Госпад пасярод вас цуды».
6 І сказаў святарам: «Вазьміце каўчэг запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам.
7 І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраэлем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табой.
8 Ты ж загадай святарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг ракі Ярдан, станеце ў Ярдане!”»
9 І сказаў Ешуа сынам Ізраэля: «Падыдзіце сюды і паслухайце словы Госпада, Бога вашага».
10 І зноў казаў Ешуа: «Па гэтым пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што Ён прагоніць хананеяў, хетэяў, гівеяў, феразеяў, а таксама гергесеяў, амарэяў і евусеяў:
11 вось, каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан.
12 Выберыце дванаццаць мужчын з пакаленняў Ізраэля, па адным з кожнага пакалення;
13 і, як толькі святары, якія нясуць у водах Ярдана каўчэг Госпада, Бога ўсёй зямлі, пакінуць сляды ног сваіх, воды, якія цякуць унізе, сыйдуць, а тыя, што цякуць з гор, стануць адзінаю сцяною».
14 Дык народ вырушыў са сваіх палатак, каб пераправіцца праз Ярдан; і святары, якія неслі каўчэг запавету, ішлі перад народам.
15 Яны дайшлі аж да Ярдана, і, калі ногі святароў, якія неслі каўчэг, уступілі ў ваду, а Ярдан у пару жніва напаўняў берагі свайго рэчышча,
16 вада, што цякла зверху, затрымалася на адным месцы накшталт сцяны на вялікай адлегласці ад горада Адамы, які побач з Сартанам; а тая, што цякла ніжэй у мора Арабы, гэта значыць у мора Салёнае, сыходзіла, аж пакуль зусім не знікла.
17 А народ пераходзіў каля Ерыхона, і святары, якія неслі каўчэг запавету Госпада, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдана цвёрдаю нагою, аж пакуль увесь Ізраэль пераходзіў праз Ярдан па сухім рэчышчы.