Jeremiah 48
1 Супраць Мааба. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Гора Нэба, бо ён знішчаны і асаромлены, і Карыятаім здабыты, асаромлена цвярдыня і напалохана».
2 Няма больш славы ў Маабе! У Хесебоне задумляюць ліхоту супраць яго: «Хадзем, выгубім яго паміж народаў». Таксама і ты, Мадмен, замоўкнеш, ідзе за табою меч.
3 Крык з Аранаіма: «Спусташэнне і вялікая бяда!»
4 Мааб знішчаны, крык зрабіўся чутны аж да Цаара.
5 Пры ўзыходжанні на Луіт узыходзяць, плачучы; на схіле Аранаіма ворагі чуюць галашэнне аб загубе:
6 «Уцякайце! Ратуйце душы свае, і будзеце, як тамарыск на пустыні.
7 За тое, што спадзяваўся ты на свае ўчынкі і свае багацці, ты таксама будзеш здабыты, і Хамос пойдзе на выгнанне, а разам з ім святары яго і князі яго».
8 І прыйдзе нішчыцель у кожны горад, і ніводзін горад не ўратуецца; прападзе лагчына, і будзе знішчана даліна, бо гэта сказаў Госпад.
9 Дайце крылы [Маабу], каб ён паляцеў, і гарады яго стануцца пустымі, і не будзе ў іх жыхароў.
10 Пракляты, хто спаўняе справу Госпада нядбала! Пракляты, хто меч свой устрымлівае ад крыві!
11 Мааб быў бяспечны ад свайго маленства, і адпачываў спакойна на дрожджах сваіх, і не быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не выходзіў на выгнанне. Таму захаваўся смак яго ў ім і водар яго не змяніўся.
12 «Таму, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я пашлю да яго паслугачоў, якія разліваюць віно ў збаны, і перальюць яны яго, і посуд яго апарожняць, і збаны яго патаўкуць.
13 І пасаромеецца Мааб дзеля Хамоса, як дом Ізраэля пасаромеўся дзеля Бэтэля, на які спадзяваўся.
14 Як вы можаце казаць: “Мы дужыя і адважныя ў баі?”
15 Знішчаны Мааб, і гарады яго ўздымаюцца [попелам у паветра], і адборныя юнакі яго падаюць на зарэз, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго. —
16 Набліжаецца загуба Мааба, і бяда яго надыходзіць хутка.
17 Сумуйце дзеля яго ўсе, хто навокал яго, ды ўсе чыста, што ведаеце імя яго, кажыце: “Як жа зламалася жазло моцнае, кій слаўны?”
18 Сыдзі са славы сваёй і сядзі ў смазе, жыхарка, дачка Дыбона, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааба, і ён руйнуе цвярдыні твае.
19 Стань ля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра; пытайся ўцекача, таго, хто ўратаваўся. Пытайся: “Што здарылася?”
20 Мааб асаромлены, бо пераможаны, крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што знішчаны Мааб.
21 Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Хелон, на Ясу, на Мэфаат,
22 на Дыбон, на Нэба, на Бэтдыблатаім,
23 на Карыятаім, на Бэтгамуль, на Бэтмэон,
24 на Карыёт, на Босру ды на ўсе гарады зямлі Мааба, далёкія і блізкія.
25 “Абрэзаны рог Мааба, і зломлена плячо яго, — кажа Госпад. —
26 Напаіце яго, бо падняўся ён супраць Госпада, і хай паваліцца рукамі Мааб у ваніты свае і сам станецца пасмешышчам.
27 Ці не быў табе ў насмешку Ізраэль? Хіба апынуўся ён між зладзеямі, што ты ківаў галавою, калі аб ім гаварыў?
28 Пакідайце гарады і жывіце між скаламі, жыхары Мааба, і станьце падобнымі да галубкі, якая гняздзіцца ў адтулінах над бяздоннямі».
29 Чулі мы пра пыхлівасць Мааба, што ганарысты ён вельмі, і пра фанабэрыстасць яго і нахабства, і пра ганарлівасць і пыху сэрца яго.
30 «Я ведаю, — кажа Госпад, — яго дзёрзкасць, і што несправядлівая гаворка, і няшчырыя ўчынкі.
31 Дзеля таго буду галасіць Я дзеля Мааба і дзеля ўсяго Мааба лямантаваць буду, і дзеля людзей Кірхарэса варта плакаць.
32 Больш буду плакаць Я дзеля цябе, чым дзеля Язэра, вінаградніку Сабамы, бо парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да Язэра. Напаў нішчыцель на твой ураджай і на вінаград твой.
33 Спынілася радасць і пацеха ў садзе ў зямлі Мааба, і скончылася віно ў тоўчнях, ніколі больш выціскальнік вінаграду не заспявае звыклай песні.
34 Ад крыку з Хесебона аж да Элеале і да Ясы ўздымаюць яны голас свой, ад Сэгора да Аранаіма і да Эглатсэліцыі, нават воды Нэмры высахнуюць.
35 І вынішчу Я з Мааба, — кажа Госпад, — кожнага, хто складае ахвяру на ўзгорках і паліць кадзіла багам сваім.
36 Таму вось сэрца Маё заенчыць дзеля Мааба, як жалейка, і дзеля людзей з Кірхарэса загучыць голасам флейтаў, бо багацце, якое набылі яны, прапала.
37 Кожная бо галава аблысее, і кожная барада абголіцца, на ўсіх руках — нарэзы і на сцёгнах — зрэбніца.
38 На ўсіх дахах Мааба і на вуліцах яго лямант агульны, бо Я раструшчыў Мааба, як пасудзіну, якая нікому не падабаецца, — кажа Госпад. —
39 Як ён пераможаны, што ўсе галосяць! Як Мааб кінуўся наўцёкі і быў асаромлены! Стане Мааб насмешкаю і страхоццем для ўсіх навакол сябе».
40 Гэта кажа Госпад: «Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маабам.
41 Гарады здабыты, і крэпасці захоплены. І сэрца волатаў Мааба будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны парадзіхі.
42 І перастане Мааб быць народам, бо ўзганарыўся супраць Госпада.
43 Жах, яма і пастка на цябе, жыхар Мааба, — кажа Госпад. —
44 Хто ўцячэ ад жаху — упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы — будзе схоплены ў пастку, бо Я навяду на Мааба год кары іх, — кажа Госпад. —
45 У засені Хесебона спыніліся знясіленыя ўцекачы, але агонь вырваўся з Хесебона, а полымя — з нутра Сэгона, і праглынае бакі Мааба і галовы сыноў бунту.
46 Гора табе, Маабе! Загінуў народ Хамоса, бо сыны твае і дочкі твае ўзяты ў няволю.
47 Але Я змяню лёс Мааба ў будучых днях, — кажа Госпад». Дасюль суд над Маабам.