Bible

Focus

On Your Ministry and Not Your Media

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Jeremiah 31

:
Belarusian - ББЧ
1 «У той час, кажа Госпад, Я буду Богам для ўсіх плямёнаў Ізраэля, а яны будуць Мне народам».
2 Гэта кажа Госпад: «Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад меча. Ізраэль пойдзе да месца супачынку свайго».
3 Госпад аб’явіўся мне здалёк: «Я ўзлюбіў цябе любоўю вечнаю, дзеля таго прыгарнуў цябе з міласэрнасцю.
4 Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзева Ізраэля. Ты зноў аздобішся бубнамі сваімі і выйдзеш у карагодзе вясёлым.
5 Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на ўзгорках Самарыі, і будуць садзіць іх і збіраць вінаград земляробы.
6 Надыдзе бо дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыдзем на Сіён да Госпада, Бога нашага”.
7 Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!”
8 Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды.
9 Яны выйшлі плачучы, але Я прывяду іх з радасцю, Я павяду іх праз ручаі водныя, дарогай прамой, і не будуць яны спатыкацца на ёй, бо Я стаўся для Ізраэля бацькам, а Эфраім першародны Мой”».
10 Народы, паслухайце слова Госпада, і абвясціце на астравах, што воддаль, і скажыце: «Той, Хто расцярушыў Ізраэля, збярэ яго; і будзе берагчы яго, як пастух статак свой».
11 Адкупіў бо Госпад Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.
12 І прыйдуць яны, і будуць спяваць хвалу на гары Сіён, і прыгарнуцца да даброццяў Госпада: збожжа, і віна, і аліўкавага алею, ягнят і цялят; і душа іх станецца, як сад абводнены, і не будуць яны больш прагнуць.
13 «Тады будзе радавацца дзяўчына ў карагодзе, і юнакі, і старыя ўсе разам. І замяню Я смутак іх на радасць, і пацешу іх, і ўзвесялю па іх пакутах.
14 І насычу душу святароў тлустасцю, а народ Мой будзе напоўнены дабротамі Маімі», кажа Госпад.
15 Гэта кажа Госпад: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх».
16 Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, кажа Госпад, і яны вернуцца з зямлі варожай.
17 І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, кажа Госпад, і вернуцца сыны ў межы свае».
18 Слухаў Я і пачуў перасяленца Эфраіма: «Пакараў Ты мяне, і я навучаны, як нерахманае цяля. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты Госпад, Бог мой!
19 Як бо навярнуў Ты мяне, я пакаяўся, а калі паказаў Ты мяне, я ўдарыў па сцёгнах сабе, засаромеўся і пачырванеў, бо атрымаў я за ганьбу маладосці сваёй».
20 «Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», кажа Госпад.
21 Пастаў сабе камяні, парасстаўляй сабе знакі на дарогах, звярні сэрца сваё на дарогу, на шлях, якім ішла; вярніся, дзева Ізраэля, вярніся да гэтых гарадоў сваіх!
22 Дакуль будзеш бадзяцца, дачка непакорлівая? Госпад бо стварыў навіну на зямлі: жанчына збавіць мужа.
23 Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дагэтуль будуць гаварыць гэтае слова ў зямлі Юдэйскай і ў гарадах яе, калі Я перамяню лёс іх: “Хай дабраславіць цябе Госпад, жытло справядлівасці, гара святая”.
24 І абжывуцца ў ёй Юда, і ўсе разам гарады яе, земляробы і тыя, што за статкам ходзяць.
25 Бо напаю Я душу знямоглую, і кожную душу згаладнелую накармлю».
26 На гэтым як бы ад сну я прачнуўся і глянуў, і сон мой быў мне прыемны.
27 «Вось жа, надыходзяць дні, кажа Госпад, і Я засею дом Ізраэля і дом Юды семем людзей і семем жывёлы.
28 І як рупіўся Я пра іх, каб вырываць і нішчыць, раскідваць, губіць і пераследаваць, так буду рупіцца пра іх, каб адбудаваць іх і засадзіць кажа Госпад.
29 У тыя дні не будуць яны ўжо казаць: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здранцвелі”,
30 але кожны памрэ за сваю злачыннасць, і ў кожнага чалавека, які будзе есці горкія ягады, здранцвеюць зубы яго.
31 Вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет.
32 Не такі запавет, які заключыў Я з бацькамі іх, у дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, запавет, які яны парушылі, а Я ж валадарыў над імі, кажа Госпад.
33 Але вось якім будзе запавет, які Я заключу з домам Ізраэля па тых днях, кажа Госпад, Я размяшчу закон Мой у нутры іх ды ў сэрцы іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам.
34 І не будзе вучыць болей чалавек блізкага свайго і брат брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, бо ўсе ад найменшага з іх аж да найбольшага будуць ведаць Мяне, кажа Госпад, бо Я прабачу злачынствы ім і пра грахі іх не буду больш узгадваць».
35 Гэта кажа Госпад, Які дае сонца, як свяціла дня, парадак месяцу і зоркам, як свяцілам ночы, Які хвалюе мора, што шумяць хвалі яго, імя Яму Госпад Магуццяў:
36 «Калі б зніклі гэтыя законы перад абліччам Маім, кажа Госпад, тады б знікла і насенне Ізраэля і не было б перада Мною народам на ўсе дні.
37 Гэта кажа Госпад: “Калі магчыма будзе змерыць неба ўгары і даследаваць падваліны зямлі ўнізе, тады і Я адкіну ўсё семя Ізраэля за ўсё тое, што яны зрабілі”, кажа Госпад.
38 “Вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, калі будзе адбудаваны горад Госпада ад вежы Хананээль аж да вонкавай брамы.
39 І будзе цягнуцца далей шнур для мерання наўпрост, аж да ўзгорка Гарэб, ды зверне на Гоа.
40 І ўся лагчына трупаў і попелу, ды ўсё наваколле аж да ручая Цэдрон, да рога брамы Конскай на ўсход святыня Госпада, і не будуць яны ўжо больш знішчаныя і зруйнаваныя навекі”».