Bible

Focus

On Your Ministry and Not Your Media

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Genesis 42

:
Belarusian - ББЧ
1 Калі пачуў Якуб, што харчаванне прадаецца ў Егіпце, сказаў сынам сваім: «Чаму вы аглядаецеся адзін на аднаго?
2 Я чуў, што ў Егіпце прадаюць пшаніцу. Схадзіце і купіце для нас, што патрэбна, каб мы маглі пражыць і не памерлі з нястачы».
3 І дзесяць братоў Язэпа выбраліся, каб купіць збожжа ў Егіпце,
4 а Бэньяміна, брата Язэпа, Якуб утрымаў дома, кажучы яго братам: «Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага».
5 І сыны Ізраэля прыбылі ў зямлю Егіпецкую з іншымі, якія ішлі, каб купіць збожжа, бо голад быў у зямлі Ханаан.
6 І Язэп быў правіцелем у зямлі Егіпецкай, і за яго згодай прадавалася збожжа народам. І калі прыбылі браты Язэпа і пакланіліся яму нізка да зямлі,
7 ён пазнаў іх і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў іх: «Адкуль прыбылі вы?» Яны адказалі: «З зямлі Ханаан, каб купіць харчоў для пражыцця».
8 І ён сам пазнаў братоў, але імі не быў пазнаны.
9 І, прыпомніўшы сны, якія калісьці бачыў, сказаў ім: «Шпіёны вы, прыйшлі вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!»
10 Яны адказалі: «Не, гаспадару, гэта паслугачы твае, прыбылі, каб купіць харчоў.
11 Усе мы сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, і нічога рабы твае не надумваюць благога».
12 Ён ім адказаў: «Не, прыбылі вы, каб агледзець неўмацаваныя месцы гэтай зямлі!»
13 А яны сказалі: «Нас дванаццаць братоў, паслугачоў тваіх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма».
14 Сказаў: «Так ёсць, як я вам сказаў: вы шпіёны!
15 Таму праверу вас. Прысягаю жыццём фараона, не выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы брат ваш!
16 Пашліце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застанецеся ў вязніцы, пакуль не высветліцца, што вы сказалі: ці праўдзіва, ці фальшыва. Інакш, прысягаю жыццём фараона, шпіёны вы!»
17 І аддаў іх пад варту на тры дні.
18 На трэці дзень, вывеўшы іх з вязніцы, сказаў: «Рабіце, што загадаў, і будзеце жыць, бо я баюся Бога.
19 Калі шчырыя вы, адзін брат ваш застанецца ў вязніцы, а вы ідзіце і вязіце збожжа, якое купілі, да дамоў вашых,
20 ды брата вашага наймалодшага да мяне прывядзіце, каб я мог праверыць вашыя словы, і вы не памраце» І яны зрабілі, як ён загадаў,
21 і гаварылі паміж сабою: «Заслужана гэта церпім, бо правініліся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасіўся ў нас, а мы не выслухалі. Таму і на нас прыйшла гэтая бяда».
22 А Рубэн гаворыць: «Ці не казаў я вам: “Не грашыце супраць хлопца?” І не паслухалі мяне. Кроў яго спаганяецца».
23 І не ведалі яны, што Язэп разумее, бо з імі размаўляў праз перакладчыка.
24 І адышоў ён хутчэй, і заплакаў, і, вярнуўшыся, гаварыў з імі.
25 І адлучыў ад іх Сімона, і ў іх прысутнасці загадаў яго звязаць. І загадаў напоўніць мяхі іх збожжам, і каб ў кожным мяху былі ўложаны дадзеныя імі грошы, і каб далі ім яшчэ харчоў на дарогу. Так і было зроблена.
26 І яны, усклаўшы збожжа на аслоў сваіх, падаліся ў дарогу.
27 Калі адзін з іх адкрыў мех свой, каб пакарміць асла ў заездзе, убачыў грошы наверсе ў мяху,
28 і сказаў братам сваім: «Вярнулі мне грошы, вось, яны ляжаць у мяху!» Яны здзівіліся і ўстрывожыліся разам, і казалі: «Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабіў?»
29 І прыйшлі яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і расказалі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы:
30 «Гаварыў з намі правіцель зямлі строга і думаў, што мы шпіёны у гэтай правінцыі.
31 Мы яму адказалі: “Мы шчырыя і не надумваем ніякіх подступаў,
32 нарадзіліся мы дванаццаць братоў у аднаго бацькі, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым у зямлі Ханаан”.
33 І сказаў нам [той] чалавек, правіцель зямлі: “Вось як праверу, ці вы шчырыя: аднаго брата вашага пакіньце ў мяне, а харчы, неабходныя ў дамах вашых, вазьміце і ідзіце;
34 брата вашага найменшага прывядзіце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпіёны. А таго, што ў путах, зможаце забраць назад і далей будзеце мець дазваленне хадзіць па гэтай зямлі”».
35 Па гэтай размове, калі высыпалі яны збожжа, кожны знайшоў наверсе меха капшук з грашамі. І ўсе разам надта спалохаліся.
36 І сказаў бацька Якуб: «Зрабілі вы, што я застаюся без дзяцей: Язэпа няма, Сімяон у вязніцы, Бэньяміна забярэце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулі».
37 А Рубэн сказаў яму: «Калі не вярну яго табе, забі двух сыноў маіх. Аддай яго ў рукі мае, а я яго вярну табе».
38 А той адказаў: «Не пойдзе сын мой з вамі. Брат яго памёр, ён толькі адзін застаўся: калі яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю з болем у апраметную».