Exodus 21
1 Вось прыказанні, якія прадставіш ім:
2 «Калі купіш нявольніка-гебрая, ён будзе служыць табе шэсць гадоў, а ў сёмы ён выйдзе свабодным без выкупу.
3 Калі ён прыйшоў адзін, хай адыдзе адзін; а калі меў жонку, хай разам з ім адыдзе жонка.
4 Але калі гаспадар даў яму жонку, і яна нарадзіла сыноў і дачок, то жонка і дзеці будуць належаць гаспадару; а ён адыдзе адзін.
5 Калі ж нявольнік скажа гэта: “Люблю гаспадара свайго, і жонку, і дзяцей, і не хачу адыходзіць свабодным”, —
6 хай завядзе яго гаспадар перад Бога, і хай падвядзе яго да дзвярэй або вушака, і хай праколе яму шылам вуха яго; і будзе ён нявольнікам яго назаўжды.
7 Калі хто прадаў сваю дачку ў нявольніцы, не адыдзе яна, як адыходзяць звычайна іншыя нявольнікі.
8 А калі б яна не спадабалася вачам гаспадара свайго, якому была аддадзена, хай дазволіць выкупіць яе; але ён не мае ўлады прадаць яе чужому народу з-за таго, што адмовіўся ад яе.
9 А калі ён прызначыў яе сыну свайму, хай абыходзіцца з ёю па праве дачок.
10 Калі ж ён возьме сабе іншую, не можа адмовіць ёй у ежы, адзенні і ў сужыцці.
11 Калі ж не выканае адносна яе гэтых трох умоў, то хай адыдзе яна дарма, без выкупу.
12 Калі хто ўдарыць чалавека і той памрэ, хай ён будзе пакараны смерцю.
13 Калі ж не меў ён намеру забіць, але Бог выдаў таго ў рукі яго, вызначу яму месца, куды ён павінен уцячы.
14 Калі хто наўмысна забіў блізкага свайго і падступна, то ад ахвярніка Майго адцягні яго, каб памёр.
15 Хто ўдарыць бацьку свайго або маці, хай будзе пакараны смерцю.
16 Хто ўкрадзе чалавека і прадасць яго або будзе трымаць у руках сваіх, хай будзе пакараны смерцю.
17 Хто гоніць бацьку свайго або маці, хай будзе пакараны смерцю.
18 Калі пасварыліся людзі і адзін ударыў блізкага свайго каменем або кулаком, і той не памёр, але злёг у ложак,
19 то, калі ён падымецца і стане хадзіць па двары з дапамогаю палкі, тады той, што яго ўдарыў, будзе невінаваты, аднак так, каб пакрыць яго страчаныя і ўжытыя на лячэнне сродкі.
20 Хто ўдарыць нявольніка свайго або нявольніцу палкай, і памруць яны ад рук яго, той павінен быць пакараны.
21 Калі, аднак, нявольнік пражыве яшчэ дзень ці два, то не будзе пакараны, бо гэта яго ўласнасць.
22 Калі мужчыны пасварацца і калі хто ўдарыць цяжарную жанчыну і яна прытым скіне, але не здарыцца больш нічога дрэннага, то вінаваты будзе пакараны платаю, якой запатрабуе муж той жанчыны, і хай суддзі рассудзяць.
23 А калі здарыцца штосьці дрэннае, хай аддасць ён жыццё за жыццё,
24 вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
25 апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.
26 Калі хто ўдарыць нявольніка свайго або нявольніцу ў вока і спрычыніць страту яго, хай адпусціць іх на волю за вока.
27 Таксама, калі выб’е зуб нявольніку або нявольніцы сваёй, хай адпусціць іх на волю за зуб.
28 Калі ўдарыў рогам бык мужчыну або жанчыну і яны памерлі, то тады бык павінен быць укаменаваны, але мяса яго есці нельга; і гаспадар быка будзе бязгрэшны.
29 Калі ж бык быў бадлівы і ўчора, і заўчора і была на гэта звяртана ўвага гаспадара яго, але ён яго не замкнуў, і забіў ён мужчыну ці жанчыну, то хай і быка ўкамянуюць, і гаспадара яго заб’юць.
30 Калі ж будзе ўскладзена на яго спагнанне, то хай аддасць ён усё, што ад яго патрабуюць.
31 Калі ж бык ударыў рогам сына або дачку, хай падпадзе ён пад той жа прысуд.
32 Калі ж бык накінецца на нявольніка або нявольніцу, то яго гаспадар хай выплаціць іх гаспадару трыццаць сікляў срэбра, а быка хай укамянуюць.
33 Калі хто адкрые студню або выкапае і не закрые яе і ўпадзе ў яе вол або асёл,
34 то гаспадар студні хай выплаціць цану жывёлы, а мёртвая жывёла будзе належаць яму.
35 Калі бык аднаго гаспадара параніць быка іншага гаспадара і той памрэ, хай тады прададуць жывога быка і падзеляць плату за яго; хай падзеляць таксама тушу памерлага вала між сабою.
36 Але калі было вядома, што бык той быў бадлівы ўчора і заўчора і гаспадар яго не пільнаваў яго, хай аддасць ён быка за быка і возьме ўсю тушу.