Bible

Designed

For Churches, Made for Worship

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Deuteronomy 26

:
Belarusian - ББЧ
1 Калі ўвойдзеш у зямлю, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, і завалодаеш ёю і абжывешся ў ёй,
2 вазьмі пяршыні з усіх пладоў на полі, якія збярэш з зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ды пакладзі іх у кошык і ідзі на месца, якое Госпад, Бог твой, абярэ, каб прабывала там імя Яго,
3 і прыйдзі да святара, які будзе ў тыя дні, і скажы яму: «Абвяшчаю сёння перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, якою Госпад прысягнуў бацькам нашым, што дасць Ён яе нам».
4 І хай возьме святар кошык з рукі тваёй і паставіць на ахвярніку Госпада, Бога твайго,
5 а ты скажы перад абліччам Госпада, Бога твайго: «Бацька мой быў вандроўны арамеец, прыйшоў аж у Егіпет і качаваў там у невялікай колькасці, а разросся ў народ вялікі, дужы ды незлічона шматлікі.
6 І прыгняталі нас егіпцяне і пераследавалі нас, накладаючы найцяжэйшыя работы.
7 Дык мы ўсклікалі да Госпада, Бога бацькоў нашых. І Ён выслухаў нас, і глянуў на ўпакарэнне наша, і работу, і прыцясненне.
8 І вывеў нас Госпад з Егіпта рукою магутнаю і плячом узнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў.
9 І прывёў у гэтае месца, і даў нам гэтую зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
10 Вось таму прынёс я пяршыні пладоў зямлі, якую Ты даў мне, Госпадзе». І пакладзі іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, і пакланіся Госпаду, Богу твайму.
11 І будзеш цешыцца ва ўсіх даброццях, якія даў Госпад, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і левіт, і чужынец, які пры табе.
12 Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш усе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх левіту, і чужынцу, і сіраце, і ўдаве, каб елі ў брамах тваіх і насычаліся ўдосталь,
13 тады скажаш перад абліччам Госпада, Бога твайго: «Узяў я з дому свайго тое, што было пасвечана, і даў тое левіту, і чужынцу, і сіраце, і ўдаве, як Ты загадаў мне; я не парушыў загадаў Тваіх і не забыўся на волю Тваю.
14 Не спажываў я іх у жалобе сваёй, не ўзяў нічога з іх, што было нячыстым у чымсьці, не аддзяляў з іх нічога для памерлага, я слухаў голас Госпада, Бога майго, і зрабіў усё, што загадаў Ты мне.
15 Дык глянь са святога прыстанку Свайго, з неба, і дабраславі народ твой, Ізраэля, і зямлю, якую Ты даў нам, як прысягнуў бацькам нашым, зямлю, што ацякае малаком і мёдам».
16 Сёння загадвае табе Госпад, Бог твой, каб ты спаўняў прыказанні гэтыя, а таксама законы, і пільнаваўся гэтага, і выконваў іх усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй.
17 Выбраў ты сёння Госпада, каб быў Ён табе Богам і каб ты хадзіў дарогамі Яго і трымаўся Яго пастаноў і прыказанняў, і закону ды быў паслухмяным волі Яго.
18 І Госпад выбраў цябе сёння, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён сказаў табе, і каб ты спаўняў усе прыказанні Яго.
19 І тады ўчыніць Ён цябе вышэйшым за іншыя народы, якія Ён паклікаў да жыцця, каб быў ты народам святым Госпада, Бога твайго, як Ён сказаў.