Bible

Transform

Your Worship Experience with Great Ease

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

1 Samuel 6

:
Belarusian - ББЧ
1 І быў каўчэг Госпада ў зямлі філістынскай сем месяцаў.
2 І паклікалі філістынцы святароў і прадказальнікаў, кажучы: «Што маем зрабіць з каўчэгам Госпада? Парайце нам, як маем адаслаць яго на сваё месца».
3 Яны сказалі: «Калі маеце адаслаць каўчэг Бога Ізраэля, не адсылайце яго пустым, але, што належыцца, аддайце Яму за грэх і тады ачысціцеся; даведаецеся, чаму не адступае рука Яго ад вас».
4 Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аддаць?» І яны адказалі: «Па ліку кіраўнікоў філістынскіх зрабіце пяць нарываў залатых і пяць мышэй залатых, бо адна пляга дакранулася да ўсіх вас і кіраўнікоў вашых.
5 І зрабіце выявы нарываў вашых і выявы мышэй, якія вынішчаюць зямлю, і аддасце хвалу Богу Ізраэля, каб толькі адхіліў руку Сваю ад вас, і ад багоў вашых, і ад зямлі вашай.
6 Чаму вы робіце цвёрдымі сэрцы вашыя, як зацвярдзіў Егіпет і фараон сэрца сваё? Ці не дазволілі ім адысці тады, калі Госпад пакараў іх?
7 Дык цяпер вазьміце і падрыхтуйце адзін новы воз і дзвюх дойных кароў, на якіх не было ярма, запражыце ў воз, а цялят іх замкніце дома.
8 Затым вазьміце каўчэг Госпадаў і пастаўце на воз, а выявы залатыя, якімі адплачваеце Яму за грэх, палажыце ў скрынку на баку яго і пусціце яго ў дарогу,
9 і глядзіце на яго: калі ён накіруецца дарогай да сваіх межаў да Бэтсамэса, ведайце, што гэта Ён навёў на вас гэтае вялікае няшчасце; а калі не, то будзем ведаць, што не Яго рука да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».
10 Дык зрабілі яны гэткім спосабам, і ўзялі дзвюх кароў, і запрэглі іх у воз, а цялят іх замкнулі ў доме,
11 і паставілі каўчэг Госпадаў на воз і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарываў.
12 А каровы пайшлі простаю дарогаю ў напрамку Бэтсамэса, ішлі яны па адной дарозе, ступаючы і мыкаючы, і не сыходзілі ані ўправа, ані ўлева. Але і кіраўнікі філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэтсамэса.
13 А ў Бэтсаміце ў даліне жалі пшаніцу, і, падняўшы вочы, убачылі каўчэг і ўзрадаваліся, калі ўбачылі яго.
14 А воз уз’ехаў на поле Ешуа з Бэтсаміта і затрымаўся там. А там ляжаў камень вялікі; і яны пасяклі воз на дровы, а кароў усклалі на іх Госпаду ў ахвяру цэласпалення.
15 А левіты знялі каўчэг Божы і скрынку, што ляжала побач з ім, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і паклалі іх на вялікі камень. Усклалі ж у той дзень жыхары Бэтсаміта Госпаду ахвяры цэласпалення і прынеслі ахвяры крывавыя.
16 І пяць кіраўнікоў філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Акарон у той самы дзень.
17 А вось нарывы залатыя, якія аддалі філістынцы Госпаду за грэх: адзін за Азот, адзін за Газу, адзін за Аскалон, адзін за Гет, адзін за Акарон;
18 і залатыя мышы былі паводле ліку гарадоў філістынскіх, пяці кіраўнікоў іх, ад умацаванага горада аж да пасялення, што было без муроў; камень той вялікі, на якім паставілі каўчэг Госпадаў, на полі Ешуа з Бэтсаміта, ёсць сведка гэтаму па сённяшні дзень.
19 І пакараў Госпад жыхароў Бэтсаміта, бо яны заглядвалі ў каўчэг Госпада; і забіў Госпад семдзесят чалавек з народа. І народ быў у жалобе, бо Госпад ударыў народ вялікай караю;
20 і казалі людзі бэтсамітцы: «Хто можа стаць у прысутнасці Госпада, гэтага Святога Бога? І да каго Ён пяройдзе ад нас?»
21 І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Карыят-Ярыма, кажучы: «Вярнулі філістынцы каўчэг Госпада. Прыходзьце і забярыце яго наверх да сябе».