1 Samuel 29
1 І сабралі філістынцы ўсе дружыны каля Афэка; але і ізраэльцы расклаліся лагерам каля крыніцы, якая была ў Езрагэлі.
2 Да таго ж князі філістынскія стаялі на чале сотняў і тысяч; а Давід са сваімі ваярамі ішоў у апошняй дружыне з Ахісам.
3 І казалі князі філістынскія: «Што гэта за гебраі?» А Ахіс тлумачыў князям філістынскім: «Ці ж гэта не Давід, які быў паслугачом Саўла, цара Ізраэля, і які ўжо шмат дзён і нават гадоў быў у мяне, і я не знайшоў у ім нічога ад дня, у які прыйшоў ён да мяне, аж да гэтага дня?»
4 Але загневаліся на яго князі філістынскія і казалі яму: «Хай вернецца гэты чалавек і сядзіць на сваім месцы, дзе пасадзіў ты яго, і хай не ідзе з намі ў бой, каб не стаўся ён нашым ворагам, калі пачнём біцца. Бо якім чынам інакш мог бы ён вярнуць ласку валадара свайго, калі не галовамі гэтых людзей?
5 Ці ж гэта не той самы Давід, якому спявалі пры танцах, кажучы: “Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід — свае дзесяткі тысяч?”»
6 І паклікаў Ахіс Давіда, і сказаў яму: «Жыве Госпад: бо ты праўдзівы, і добры ў маіх вачах твой выхад і тваё вяртанне разам са мною ў лагер, і я не знайшоў у табе нічога благога ад дня, у які ты прыбыў да мяне, аж да гэтага дня. Але князям ты не падабаешся.
7 Такім чынам, вярніся і ідзі ў супакоі, і не зневажай вачэй князёў філістынскіх».
8 І сказаў Давід Ахісу: «Што ж я зрабіў, і што знайшоў ты ў паслугачы тваім ад дня, калі я прыйшоў да цябе, аж да гэтага дня, каб не мог я ісці і ваяваць супраць ворагаў гаспадара майго, цара?»
9 У адказ Ахіс сказаў Давіду: «Ведаю я, што ты добры ў вачах маіх, як анёл Божы; але князі філістынскія сказалі: “Хай не ідзе ён з намі ў бой”.
10 Такім чынам, устань раніцай ты і паслугачы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табой, і, калі ўстанеце ўночы і пачне днець, адыдзіце адсюль».
11 Дык ноччу ўстаў сам Давід і людзі яго, каб выбрацца ў дарогу раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістынскую. А філістынцы пайшлі ў Езрагэль.