Bible

Elevate

Your Sunday Morning Worship Service

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

1 Samuel 26

:
Belarusian - ББЧ
1 І прыбылі зіфейцы ў Габу да Саўла, кажучы: «Вось, Давід хаваецца на ўзгор’і Гахіла, што на супрацьлеглым баку пустыні».
2 І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, і з ім тры тысячы мужчын, з адабраных у Ізраэлі, каб адшукаць Давіда ў пустыні Зіф.
3 І размясціўся лагерам Саўл на ўзгор’і Гахіла, што знаходзілася на дарозе на супрацьлеглым баку пустыні. А Давід знаходзіўся ў пустыні; і, убачыўшы, што выйшаў Саўл за ім у пустыню,
4 паслаў ён разведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды туды прыйшоў.
5 І ўстаў Давід, і прыбыў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў ён месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, кіраўнік войска яго. А Саўл спаў у палатцы, і астатні народ вакол яго.
6 І сказаў Давід Ахімэлеху, хетэю, і Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў лагер да Саўла?» І сказаў Абісай: «Я пайду з табой».
7 Дык Давід і Абісай дабраліся цішком ноччу да людзей і знайшлі Саўла, які ляжаў і спаў у палатцы, і дзіду, убітую ў зямлю каля галавы яго, а Абнэр і народ спалі вакол яго.
8 І сказаў Абісай Давіду: «Сёння Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Дык дазволь, я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз не будзе патрэбы».
9 І сказаў Давід Абісаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць не вінаваты той, хто падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага?»
10 І сказаў Давід: «Жыве Госпад, бо толькі Госпад пакарае яго, або прыйдзе дзень яго, каб ён памёр, або ён загіне, пайшоўшы на вайну.
11 Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы яго, і чару з вадой, і пойдзем».
12 І ўзяў Давід дзіду і чару з вадою, якая была каля галавы Саўла, і яны пайшлі, і ніхто іх не бачыў, і ніхто не ведаў, і ніхто не прачнуўся, але ўсе спалі, бо сон ад Госпада сышоў на іх.
13 І калі перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары здалёку і быў вялікі прастор між імі,
14 закрычаў Давід да людзей і да Абнэра, сына Нэра: «Абнэр, ці не адкажаш мне?» І Абнэр у адказ сказаў: «Хто ты? Чаму ты звяртаешся да цара?»
15 І Давід сказаў Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто іншы параўнаецца з табой у Ізраэлі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, цара? Бо ўваходзіў нехта з народа, каб забіць цара, гаспадара твайго.
16 Нядобра тое, што ты зрабіў. Жыве Госпад, бо вы сыны смерці, якія не пільнавалі гаспадара свайго, намашчэнца Госпадавага. Такім чынам, цяпер паглядзі, дзе дзіда цара і дзе чара з вадою, што стаяла каля галавы яго».
17 А Саўл пазнаў голас Давіда і сказаў: «Ці гэта твой голас, сын мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта мой голас, гаспадару мой, цар».
18 І гаварыў: «Чаму гаспадар мой пераследуе паслугача свайго? Што я зрабіў? Ці ёсць што благое ў руцэ маёй?
19 Дык вось, цяпер хай паслухае, прашу, гаспадар мой, цар, словы паслугача свайго: “Калі Госпад падгаварыў цябе супраць мяне, хай будзе Яму прыемная пахкая ахвяра; калі ж сыны чалавечыя хай будуць яны праклятыя перад Госпадам, бо выгналі яны мяне сёння, каб я не жыў у спадчыне Госпада, кажучы: “Ідзі, служы чужым багам”.
20 І зараз хай кроў мая не будзе вылітая на зямлю далёка ад аблічча Госпада; бо цар Ізраэля выбраўся, каб цікаваць на адну блыху, як быццам пераследуе хтосьці ў гарах курапатку».
21 І сказаў Саўл: «Зграшыў я. Вярніся, сын мой Давід; бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды за тое, што дарагая была сёння ў вачах тваіх душа мая; відаць, што я дзейнічаў бязглузда і шмат разоў памыляўся».
22 І ў адказ сказаў яму Давід: «Вось дзіда цара; хай пяройдзе адзін з паслугачоў і возьме яе.
23 А Госпад адплаціць кожнаму паводле яго справядлівасці і вернасці; бо аддаў цябе сёння Госпад у рукі мае, і я не хацеў падымаць рукі сваёй на намашчэнца Госпадавага.
24 І як каштоўным было жыццё тваё ў вачах маіх, так няхай каштоўным будзе жыццё маё ў вачах Госпада, і хай вызваліць Ён мяне ад усякага няшчасця».
25 І сказаў Саўл Давіду: «Дабраславёны ты, сын мой Давід; і ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і чым пажадаеш авалодаць, тым будзеш валодаць». А Давід пайшоў сваёй дарогай, і Саўл вярнуўся на сваё месца.