1 Samuel 22
1 І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адалам; калі аб гэтым даведаліся браты яго і ўвесь дом бацькі яго, яны пайшлі за ім туды.
2 І сабраліся да яго ўсе тыя, хто цярпеў нястачы і меў даўгі, і засмучаныя духам; і ён стаўся іх кіраўніком, і было з ім каля чатырох сотняў чалавек.
3 І адтуль накіраваўся Давід у Міцпу, што ў Маабе, і сказаў цару Мааба: «Ці маглі б прабываць у вас бацька мой і маці мая, пакуль выявіцца, што хоча Бог зрабіць са мною?»
4 І ён пакінуў іх у цара Мааба; і яны заставаліся ў яго ўвесь час, калі Давід хаваўся ў недасяжным месцы.
5 А прарок Гад раіў Давіду: «Не заставайся ў сховішчы. Збярыся і ідзі ў зямлю Юды». І, вырушыўшы, Давід прыбыў у лес Гарэт.
6 І пачуў Саўл, што выяўлены Давід і людзі, якія былі з ім. А Саўл, калі быў у Габе і сядзеў пад дубам на гары, трымаючы дзіду ў руцэ, і калі ўсе паслугачы яго акружалі яго,
7 сказаў паслугачам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэньяміна! Сын Ясэя дасць таксама і вам усім палі і вінаграднікі, і вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,
8 бо вы ўсе пакляліся супраць мяне. І ніхто не перасцярог мяне, што сын мой заключыў саюз з сынам Ясэя; ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў мне, што сын мой падгаварыў паслугача майго супраць мяне, каб ён рабіў засаду на мяне, як сёння».
9 На гэта адказаў Даэг ідумеец, які быў з паслугачамі Саўла: «Я ўбачыў сына Ясэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітуба;
10 ён раіўся з Госпадам наконт яго, і даў яму ежу, але даў яму і меч Галіята філістынца».
11 Тады цар паслаў паклікаць святара Ахімэлеха, сына Ахітуба, і ўвесь дом бацькі яго, значыць святароў, якія былі ў Нобе; усе яны прыбылі да цара.
12 І сказаў Саўл: «Слухай, сын Ахітуба!» Ён адказаў: «Вось я, гаспадару мой».
13 І сказаў яму Саўл: «Чаму пакляліся вы супраць мяне, ты і сын Ясэя, і даў ты яму хлябы і меч, і раіўся наконт яго з Госпадам, каб ён, знаходзячыся ў засадзе, паўстаў супраць мяне, як гэта адбываецца сёння?»
14 І ў адказ цару сказаў Ахімэлех: «І хто з усіх паслугачоў тваіх такі верны, як Давід: і зяць цара, і кіраўнік варты тваёй, і шанаваны ў доме тваім?
15 Ці ж толькі сёння раіўся я наконт яго з Богам? Ніякім чынам, хай цар не падазрае ў гэтай справе паслугача свайго і ўсю сям’ю бацькі майго; бо паслугач твой нічога не ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».
16 Але цар сказаў: «Ты мусіш памерці, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».
17 І загадаў цар паслугачам, якія акружалі яго: «Ідзіце і забіце святароў Госпада, бо рука іх з Давідам; ведаючы, што ён уцёк, яны не паведамілі мне». Паслугачы ж цара не хацелі падняць руку сваю на святароў Госпада.
18 І сказаў цар Даэгу: «Ты ідзі і ўдар святароў». І Даэг ідумеец, пайшоўшы, ударыў святароў; і знішчыў у той дзень восемдзесят пяць чалавек, апранутых у льняны эфод.
19 А святарскі горад Ноб ударыў ён вастрыём меча, пазабіваў мужчын і жанчын, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.
20 Уратаваўся ж толькі адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітуба, на імя Абіятар, які ўцёк да Давіда
21 і паведаміў яму, што Саўл забіў святароў Госпада.
22 І Давід сказаў Абіятару: «Я ведаў ужо тады, калі быў там Даэг ідумеец, што ён напэўна паведаміць аб гэтым Саўлу. Я адказчык за ўсе душы дому бацькі твайго.
23 Заставайся са мною, не бойся! Бо хто шукае жыцця майго, той шукае і твайго жыцця, і са мною ты будзеш уратаваны».