Bible

Connect

With Your Congregation Like Never Before

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

1 Kings 1

:
Belarusian - ББЧ
1 І цар Давід састарэўся і меў вельмі шмат гадоў; і не мог ён сагрэцца, хоць накрывалі яго коўдрамі.
2 І сказалі паслугачы яго: «Трэба знайсці гаспадару нашаму, цару, маладую дзяўчыну, і хай яна стане перад царом, і клапоціцца аб ім, і хай спіць на яго грудзях, і грэе гаспадара нашага, цара».
3 І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну па ўсёй зямлі Ізраэльскай, і знайшлі Абісаг, сунаміцянку, і прывялі яе да цара.
4 Дзяўчына ж была вельмі прыгожая; і яна апекавалася над царом і паслугавала яму, але цар не дакрануўся да яе.
5 А Адонія, сын Хагіт, узганарыўся і казаў: «Я буду цараваць!» І займеў ён сабе калясніцу, і коннікаў, і пяцьдзесят чалавек, што беглі перад ім.
6 І бацька яго ніколі з ім не сварыўся, кажучы: «Нашто ты гэта зрабіў?» А быў ён і сам вельмі прыгожы, другі сын па Абсаломе.
7 Ён дамовіўся з Ёабам, сынам Сэруі, і з Абіятарам, святаром, якія дапамагалі Адоніі.
8 Але Садок, святар, і Баная, сын Ёяды, і Натан, прарок, і Сямэй, і Рэй, і моцнае войска Давіда не былі на баку Адоніі.
9 Так, Адонія, забіўшы авечак, і цялят, і тлустую жывёлу каля каменя Загэлет, які быў блізка каля крыніцы Рагель, запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, і ўсіх людзей юдэйскіх, паслугачоў цара;
10 а прарока Натана, і Банаю, і ўсіх ваяроў, і свайго брата Саламона не запрасіў.
11 Дык сказаў Натан Бэтсэбе, маці Саламона: «Ці ты не чула, што царуе Адонія, сын Хагіт, і што гаспадар наш Давід гэтага не ведае?
12 Дык хачу табе параіць, каб захавала ты жыццё сваё і сына свайго Саламона.
13 І ідзі, і ўвайдзі да цара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, цар, ці не прысягнуў ты мне, паслугачцы тваёй, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе па мне цараваць, і ён будзе сядзець на маім пасадзе?” Дык чаму царуе Адонія?”
14 І калі ты яшчэ будзеш размаўляць там з царом, за табою прыйду я і падтрымаю словы твае».
15 Тады Бэтсэба ўвайшла да цара ў спальню; цар жа быў надта стары, і сунаміцянка Абісаг паслугавала яму.
16 І ўкленчыла Бэтсэба, і пакланілася цару; а цар звярнуўся да яе: «Чаго ты хочаш сабе?»
17 Яна адказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягнуў Госпадам, Богам тваім, паслугачцы тваёй: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне і ён будзе сядзець на пасадзе маім”,
18 а вось цяпер Адонія царуе, калі ты, гаспадар мой, цар, не ведаеш пра гэта.
19 Забіў ён валоў, і ўсю тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў цара, таксама Абіятара, святара, і Ёаба, кіраўніка войска; а Саламона, паслугача твайго, не паклікаў.
20 Але ты, гаспадару мой, цар, на цябе звернуты вочы ўсяго Ізраэля, каб ты яму аб’явіў, хто па табе, гаспадар мой, цар, павінен сядзець на тваім пасадзе!
21 Інакш, калі ты, гаспадар мой, цар, заснеш з бацькамі сваімі, на мяне і на сына майго Саламона спадзе абвінавачванне».
22 Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.
23 І паведамілі аб гэтым цару, кажучы: «Вось, Натан, прарок». І калі ўвайшоў ён перад аблічча цара, і пакланіўся яму нізка да зямлі,
24 сказаў Натан: «Гаспадару мой, цар, ці ты сказаў: “Адонія хай царуе пасля мяне, і хай ён сядзе на пасад мой?”
25 Таму што сёння ён пайшоў і забіў у ахвяру валоў, і тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў царскіх, і начальнікаў войска, і святара Абіятара, і яны разам з ім ядуць, і п’юць, і гамоняць: “Хай жыве цар Адонія!”
26 А мяне, твайго паслугача, і святара Садока, і Банаю, сына Ёяды, і Саламона, паслугача твайго, ён не запрасіў.
27 Ці не сталася гэта па волі гаспадара майго, цара, і чаму ты не аб’явіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, цара, пасля яго?»
28 І ў адказ сказаў цар Давід: «Паклічце да мяне Бэтсэбу». Калі ўвайшла яна да цара і стала перад ім,
29 пакляўся цар і сказаў: «Жыве Госпад, Які выратаваў душу маю з усялякае бяды, бо,
30 як я пакляўся табе Госпадам, Богам Ізраэля, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне, і ён сядзе на мой пасад замест мяне”, так сёння і зраблю».
31 І Бэтсэба, упаўшы тварам на зямлю, пакланілася цару і сказала: «Няхай жыве, гаспадар мой, цар Давід, вечна!»
32 І загадаў цар Давід: «Паклічце да мяне Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды». Калі яны з’явіліся перад царом,
33 сказаў ён ім: «Вазьміце з сабою паслугачоў гаспадара вашага і пасадзіце Саламона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
34 і хай там святар Садок і прарок Натан намасцяць яго на цара Ізраэля, і затрубіце ў рог, і абвясціце: “Хай жыве цар Саламон!”
35 І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасад мой, і будзе цараваць замест мяне; і я загадаю яму, каб быў ён валадаром над Ізраэлем і над Юдэяй».
36 І ў адказ Баная, сын Ёяды, сказаў цару: «Амін, хай скажа гэтак Госпад, Бог гаспадара майго, цара!
37 Як быў Госпад з гаспадаром маім царом, так няхай будзе Ён з Саламонам і хай узвялічыць пасад яго больш за пасад гаспадара майго, цара Давіда!»
38 І пайшоў Садок, святар, і Натан, прарок, і Баная, сын Ёяды, і херэты, і фелеты, і пасадзілі Саламона на мула цара Давіда і прывязлі яго ў Гіхон.
39 Там святар Садок узяў рог алею са скініі, і памазаў Саламона; і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Хай жыве цар Саламон!»
40 І увесь народ праводзіў Саламона, і граў народ на флейтах, і радаваўся вялікай радасцю, і зямля шумела ад іх гомана.
41 І пачуў Адонія і ўсе запрошаныя ім; і ўжо застолле было скончана. Але і Ёаб, пачуўшы гук трубы, сказаў: «Што гэта за гоман узрушанага горада?»
42 Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара, святара; сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты чалавек дастойны і добрае нам абвяшчаеш».
43 І Ёнатан сказаў Адоніі: «Зусім не! Бо гаспадар наш, цар Давід, абвясціў царом Саламона,
44 і паслаў з ім Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды, і херэтаў, і фелетаў; і яны пасадзілі Саламона на мула цара,
45 і святар Садок і прарок Натан намасцілі яго на цара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасцю, і горад загаманіў; гэта той гоман, які вы чуеце.
46 Але і Саламон сядзеў на пасадзе царскім,
47 і царскія паслугачы папрыходзілі дабраславіць гаспадара нашага, цара Давіда, кажучы: “Хай Бог праславіць імя Саламона па-над тваім імем, і ўзвялічыць пасад яго па-над тваім пасадам”. І цар пакланіўся на ложку сваім.
48 І, апроч таго, сказаў ён так: “Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які даў сёння вачам маім бачыць таго, хто сядзіць на пасадзе маім”».
49 Такім чынам, спалохаліся і паўскаквалі ўсе, запрошаныя Адоніем, і кожны з іх пайшоў сваёй дарогаю.
50 А Адонія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
51 І паведамілі пра гэта Саламону, кажучы: «Вось, Адонія, баючыся цара Саламона, ухапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Хай сёння прысягне мне цар Саламон, што не заб’е паслугача свайго мечам”».
52 І Саламон сказаў: «Калі ён будзе чалавекам добрым, не ўпадзе на зямлю ніводны волас яго; але калі выявіцца ў ім ліха, то памрэ».
53 І паслаў за ім Саламон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён увайшоў і пакланіўся цару Саламону; і Саламон сказаў яму: «Ідзі дамоў».