Bible

Simplify

Your Church Tech & Streamline Your Worship

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Proverbs 8

:
Belarusian - ББЛ
1 Ці мудрасьць не заклікае? і ці ро­зум ня ўзносіць свой голас?
2 Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;
3 яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:
4 "Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!
5 Навучэцеся, невукі, добрай разум­насьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.
6 Слухайце, бо я буду казаць важнае, і моўленьне вуснаў маіх праўда.
7 Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць гідота для вуснаў маіх;
8 усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;
9 усе яны простыя разумнаму і спра­вядлівыя тым, хто здабыў веды.
10 Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;
11 бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.
12 Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
13 Страх Гасподні ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступ­ныя вусны я ненавіджу.
14 У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
15 Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
16 Мною кіруюць уладыкі і вяль­можы, і ўсе судзьдзі праведныя.
17 Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
18 багацьце і слава са мною скарб нятленны, і праўда;
19 плады мае лепшыя за золата, і зо­лата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
20 Я хаджу дарогаю праўды, сьцеж­камі правасудзьдзя,
21 каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я на­паўняю.
22 Гасподзь меў мяне ад пачатку да­рогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
23 адвеку была я памазаная, ад па­чатку, ад правеку зямлі.
24 Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, бага­тых вадою.
25 Я нарадзілася перш, чым былі па­стаўлены горы, раней за пагоркі,
26 калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
27 Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверх­няю бездані,
28 калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
29 калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў ас­новы зямлі:
30 тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,
31 радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.
32 Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!
33 Паслухайце настаўленьня, і муд­рымі станьце, і не адступайцеся ад яго.
34 Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!
35 Бо, хто знайшоў мяне, той знай­шоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;
36 а хто грэшыць супроць мяне, учы­няе шкоду душы маёй: усе тыя, што не­навідзяць мяне, любяць сьмерць".