Genesis 49
1 І паклікаў Якаў сыноў сваіх і сказаў: зьбярэцеся, і я абвяшчу вам, што будзе з вамі ў апошнія дні;
2 сыдзецеся і паслухайце, сыны Якава, паслухайце Ізраіля, бацьку вашага.
3 Рувім, першынец мой! ты — цьвярдыня мая і пачатак сілы маёй, вяршыня годнасьці і вяршыня магутнасьці;
4 але ты бушаваў, як вада; ды ня ўтрымаешся; бо ты ўзышоў на ложак бацькі твайго, ты апаганіў пасьцель маю, на якую ўзышоў.
5 Сымон і Левій браты, прылады жорсткасьці мячы іхнія;
6 у раду іхнюю хай ня ўвойдзе душа мая, і ў зборы іхнія хай ня ўлучыцца слава мая; бо яны ў гневе сваім забілі мужа і ў сваволі сваёй перарэзалі жылы цяльцу;
7 праклён гневу іхняму, бо ён жорсткі, і лютасьці іхняй, бо шалёная; падзялю іх у Якаве і расьсею іх у Ізраілі.
8 Юда! цябе праславяць браты твае. Рука твая на хрыбце тваіх ворагаў; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
9 Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся. Схіліўся ён, лёг, як леў і як ільвіца: хто падыме яго?
10 Не адыдзе скіпетр ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў.
11 Ён прывязвае да вінаграднай лазы асьляня сваё і да лазы лепшага вінаграду сына асьліцы сваёй; мые ў віне вопратку сваю і ў крыві гронак адзеньне сваё;
12 бліскучыя вочы ад віна, і белыя зубы ад малака.
13 Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай, і межы яго да Сідона.
14 Ты, Ісахар, як ддужы ўючны асёл, на якога цяжар пакладзены.
15 І ўбачыш ты, што спакой табе добры і зямля корміць; схіліш спіну сваю пад цяжарам, і будзеш насіць, каб жыць бяз клопату,— такая плата твая.
16 Дан будзе судзіць народ свой, як адно з каленаў Ізраіля;
17 Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху, што раніць ногу каню, так што верхавец яго ўпадзе ніцма.
18 На дапамогу тваю спадзяюся, Госпадзе!
19 Гад,— натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах.
20 Асіру — занадта тлусты хлеб ягоны, і ён будзе дастаўляць царскія прысмакі.
21 Нэфталім — вольная касуля, гаварыцьмеш прыгожыя словы.
22 Язэп — парастак пладаноснага дрэва, парастак пладаноснага дрэва над крыніцай; гольле яго раскінулася над сьцяною.
23 Немарасьцілі яго, і стралялі ў ягоі варагавалі супроць яго лучнікі;
24 але цьвёрды застаўся лук ягоны, і моцныя мышцы рук ягоных, ад рук магутнага Бога Якаўлевага. Адтуль Пастыр і цьвярдыня Ізраілевая,
25 ад Бога бацькі твайго, Які хай дапаможа табе, і ад Усемагутнага, Які і хай дабраславіць цябе дабраславеньнямі нябеснымі згары, дабраславеньнямі бездані, якая ляжыць унізе, дабраславеньнямі саскоў і ўлоньня,
26 дабраславеньнямі бацькі твайго, якія перавышаюць дабраславеньні гор старадаўніх і даброты пагоркаў вечных; хай будуць яны на галаве ў Язэпа і на цемені выбранага спаміж братоў сваіх.
27 Веньямін драпежны воўк, раніцай будзе есьці лавітву і ўвечары будзе дзяліць здабычу.
28 Вось усе дванаццаць каленаў Ізраілевых; і вось, што сказаў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і даў ім дабраславеньне, кожнаму сваё.
29 І наказаў ён ім і сказаў ім: я прыкладаюся да народу майго; пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры, якая на полі Эфрона Хэтэяніна,
30 у пячоры, якая на полі Махпэла, што перад Мамрэ, у зямлі Ханаанскай, якую купіў Абрагам з полем у Эфрона Хэтэяніна ва ўласнасьць для пахаваньня;
31 Там пахавалі Абрагама і Сарру, жонку ягоную; там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там пахаваў я Лію;
32 гэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хэтэевых.
33 І скончыў Якаў наказы сынам сваім, і згарнуў ногі свае ў ложак, і сканаў, і прылучаны быў да народу свайго.