Bible

Power Up

Your Services with User-Friendly Software

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Judges 5

:
Belarusian - БББ
1 У той дзень засьпявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы:
2 «Адпомшчаны Ізраіль, бо народ выступіў дабраахвотна! Дабраславіце ГОСПАДА!
3 Слухайце, валадары, адкрыйце вушы, начальнікі. Я ГОСПАДУ буду сьпяваць, буду граць хвалу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля!
4 ГОСПАДЗЕ, калі Ты выходзіў з Сэіру, калі Ты выходзіў з ваколіцаў Эдому, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі кроплі вады.
5 Горы таялі перад абліччам ГОСПАДА, перад абліччам ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
6 У дні Шамгара, сына Аната, у дні Яэлі апусьцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сьцежкамі бочнымі.
7 Зьніклі мужныя ў Ізраілі, іх ня стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраілі.
8 Выбралі яны сабе багоў новых, і тады прыйшла вайна ў брамы, але не відаць ані шчыта, ані дзіды ў сарака тысячаў Ізраіля.
9 Сэрца маё зьвяртаецца да князёў Ізраіля, якія дабраахвотна ахвяраваліся за народ, дабраславіце ГОСПАДА!
10 Вы, што едзеце на асьліцах белых, і што сядзіце на кілімах і што ідзіцё дарогамі, сьпявайце!
11 Галасы тых, якія дзеляць здабычу пры вадапоях, няхай расказваюць пра справядлівасьць ГОСПАДА, пра дабрадзейства магуцьця Яго ў Ізраілю; тады зьбярэцца народ ГОСПАДАЎ каля брамаў.
12 Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і засьпявай песьню! Устань, Барак, вазьмі палонных сваіх, сын Абінаама!
13 Тады апошнія сталіся як слаўныя, народ ГОСПАДА стаўся магутным.
14 Ад Эфраіма прыбылі князі ў даліну, за ім Бэн’ямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Завулёна тыя, што трымаюць скіпер.
15 Князі Ісахара былі з Дэбораю; і Ісахар разам з Баракам пасланы быў у даліну. А ў ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.
16 Чаму ты сядзіш паміж аборамі, каб слухаць мэканьне статку? У ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.
17 Гілеад адпачывае за Ярданам, а Дан як вандроўнік узыйшоў на караблі. Асэр жыве на беразе мора ды пры затоках сваіх застаўся.
18 Завулён ахвяраваў душу сваю на сьмерць, а Нэфталі у гарыстых мясцовасьцях.
19 Прыйшлі валадары і ваявалі, ваявалі валадары Ханаану ў Таанаху ля водаў Мэгіддо, але здабычы срэбра не атрымалі!
20 З неба змагаліся зоркі, з шляхоў сваіх супраць Сісэры ваявалі.
21 Ручай Кішон панёс іх, ручай старадаўні, ручай Кішон; трымайся моцна, душа мая.
22 Тады гучаў тупат капытоў коней, калі імчалі іхнія коньнікі.
23 “Праклінайце Мэроз, сказаў анёл ГОСПАДА, праклінайце жыхароў ягоных, бо не прыйшлі яны на дапамогу ГОСПАДУ, на дапамогу ГОСПАДУ з ваярамі сваімі.”
24 Нях будзе дабраслаўлёная між жанчынамі Яэль, жонка Хэвэра Кенэяніна, няхай будзе яна дабраслаўлёная між жанчынамі ў намётах!
25 Таму, хто прасіў вады, яна дала малака, і ў чашы князёў прынесла яму малако.
26 Левай рукой узяла калок, а правай кавальскі молат. Ударыла Сісэру, і прабіла галаву яму, скроні яго разьбіла.
27 Каля ног яе ён зваліўся, упаў і ляжаў, каля ног яе ўпаў, паваліўся. Дзе ўпаў, там і ляжаў нежывы.
28 Праз акно глядзіць маці Сісэры і галосіць праз ваконныя краты: “Чаму марудзіць калясьніца яго вярнуцца? Чаму не сьпяшаецца ён?”
29 Разумнейшыя з жанчынаў ейных адказваюць ёй, ды сама сабе паўтарае яна словы іхнія:
30 “Дык жа зьбіраюць здабычу і разьдзяляюць па паланянцы ці па дзьве кожнаму ваяру, а шаты каляровыя здабыча для Сісэры, а на шыю жонкі валадара каляровыя хусткі”.
31 Няхай гэтак, ГОСПАДЗЕ, зьнікнуць усе ворагі Твае! А тыя, што любяць Цябе, няхай ясьнеюць як сонца, якое ўзыходзіць!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.