Bible

Elevate

Your Sunday Morning Worship Service

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

Jeremiah 46

:
Belarusian - БББ
1 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока пра народы.
2 Супраць Эгіпту, супраць войска фараона Нэхо, валадара Эгіпецкага, якое было каля ракі Эўфрат у Каркемішы, і якое пабіў Нэвухаднэцар, валадар Бабілонскі, у чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды:
3 «Падрыхтуйце тарчу і шчыт і ідзіце ў бой!
4 Запрагайце коней і сядайце, вершнікі, і пашыхтуйцеся [тыя, што] ў шаломах, навастрыце дзіды, і апраніце панцыры!
5 Што я бачу? Яны напалоханыя, адыходзяць, і волаты іхнія пабітыя, уцякаюць у страху і не аглядаюцца! Жах вакол, кажа ГОСПАД.
6 Не ўцячэ хуткі і ня выратуецца волат. На поўначы, на беразе ракі Эўфрат спатыкаюцца яны і падаюць.
7 Хто той, які падымаецца як рака, воды ягоныя хвалююцца як ручай?
8 Эгіпет падымаецца як рака, і воды ягоныя хвалююцца як ручай, і ён кажа: “Падняўшыся, пакрыю зямлю, зьнішчу горад і жыхароў ягоных”.
9 Імчыце коні, ляціце калясьніцы, і ідзіце наперад, волаты. Куш і Пут няхай трымаюць шчыты, і Людыйцы няхай нацягваюць лук!
10 Гэта дзень Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным. І меч будзе есьці, і насыціцца, і нап’ецца крыві, бо гэта ахвяра для Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, у зямлі паўночнай каля ракі Эўфрат.
11 Пайдзі ў Гілеад і вазьмі бальзам, дзяўчына, дачка Эгіпту! Надарма, памнажаючы, ты памнажаеш лекі, няма аздараўленьня для цябе!
12 Пачулі народы пра ганьбу тваю, і галашэньне тваё напоўніла зямлю, бо волат спатыкнуўся аб волата, і абодва ўпалі разам».
13 Слова, якое прамовіў ГОСПАД да Ярэміі прарока пра прыйсьце Нэвухаднэцара, валадара Бабілонскага, каб захапіць зямлю Эгіпецкую:
14 «Паведаміце Эгіпту і паслухайце ў Мігдоле, паслухайце ў Нофе і Тахпанхэсе! Скажыце: “Стань і рыхтуйся, бо меч праглыне [ўсё] вакол цябе”.
15 Чаму ўпаў асілак твой? Не ўстаяў ён, бо ГОСПАД пхнуў яго.
16 Моцна захістаўся і ўпаў чалавек на бліжняга свайго, і сказаў: “Падыміся і вернемся да народу нашага і ў зямлю нараджэньня нашага ад аблічча мяча забойчага”.
17 Назавіце фараона, валадара Эгіпецкага, “Гармідар”, ён прапусьціў час адпаведны.
18 Як жывы Я, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў імя Ягонае, як Табор сярод гор і як Кармэль пры моры, прыйдзе ён.
19 Падрыхтуй рэчы на выгнаньне, жыхарка, дачка Эгіпту, бо Ноф стане пустэчаю, і будзе спалены, без жыхароў.
20 Эгіпет цялушка ладная, прыгожая, але авадзень з поўначы прыходзіць, прыходзіць.
21 Найміты ягоныя пасярод яго як цяляты кормныя, але і яны вярнуліся і ўцяклі разам, ня вытрымалі, бо прыйшоў на іх дзень загубы іхняй, час наведваньня іхняга.
22 Голас [Эгіпту] загучыць як [сычэньне] зьмяі, бо набліжаюцца з войскамі, і прыйдуць да яго з сякерамі, як дрывасекі.
23 І сьсякуць яны лес ягоны, кажа ГОСПАД, хоць ён непраходны, бо іх больш ад саранчы, і няма ім ліку.
24 Асаромлена дачка Эгіпту і аддадзена ў рукі народу паўночнага.
25 Кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю Амона ў Но, і фараона, і Эгіпет, і багоў ягоных, і валадароў ягоных, і фараона, і тых, якія спадзяюцца на яго.
26 І аддам іх у рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю, у рукі Нэвухаднэцара, валадара Бабілонскага, і ў рукі слугаў ягоных, але потым ён будзе абжыты як у дні старадаўнія, кажа ГОСПАД.
27 А ты ня бойся, слуга Мой Якуб, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я збаўлю цябе з [зямлі] далёкай, і насеньне тваё з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і супачыне, і будзе бясьпечны, і ніхто ня будзе трывожыць [яго]!
28 Ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, бо Я з табою, бо Я зраблю канец усім народам, у якіх Я расьцярушыў цябе, а табе не зраблю канец, але пакараю цябе паводле правасудзьдзя, і непакараным не пакіну цябе”».