Bible

Create

Inspiring Presentations Without Hassle

Try Risen Media.io Today!

Click Here

Jeremiah 2

:
Belarusian - БББ
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Ідзі і абвяшчай у вушы Ерусаліму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Я памятаю міласьць маладосьці тваёй і любоў, калі ты была нарачонаю, калі ты хадзіла за Мною ў пустыні, у зямлі, якой ніхто не засявае.
3 Ізраіль гэта сьвятасьць для ГОСПАДА, першы плод Ягоны. Усе, што ядуць яго, робяцца вінаватымі, няшчасьце прыходзіць на іх, кажа ГОСПАД.
4 Слухайце слова ГОСПАДА, дом Якуба і ўсе сем’і дому Ізраіля!
5 Гэта кажа ГОСПАД. Што благога знайшлі ў-ва Мне бацькі вашыя, што адыйшлі ад Мяне і пайшлі за марнотай, і самі сталіся марнасьцю.
6 І яны не казалі: “Дзе ГОСПАД, Які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, вёў нас праз пустыню, праз зямлю неабжытую і поўную ямаў, праз зямлю сухую і цёмную, праз зямлю, па якой ніхто ня ходзіць, і ніводзін чалавек там не жыве?”
7 А Я ўвёў вас у зямлю ўрадлівую, каб вы елі плады ейныя і даброцьці ейныя. І вы ўвайшлі, і спаганілі зямлю Маю, і зрабілі агідай спадчыну Маю.
8 Сьвятары не казалі: “Дзе ГОСПАД?” І тыя, што трымаюць Закон, ня ведалі Мяне; і пастухі паўсталі супраць Мяне, і прарокі прарочылі на карысьць Баала і пайшлі за тымі, якія не даюць дапамогі.
9 Дзеля таго буду далей спрачацца з вамі, кажа ГОСПАД, і сыноў сыноў вашых буду вінаваціць.
10 Пайдзіце на астравы Кіттым і паглядзіце, пашліце ў Кедар і прасачыце добра, ці сталая там нешта падобнае?
11 Ці [нейкі] народ зьмяніў багоў? А яны зусім ня Бог! А народ Мой зьмяніў славу сваю на тое, што ня можа дапамагчы!
12 Аслупянейце, нябёсы, дзеля гэтага, і дрыжыце, і палохайцеся, кажа ГОСПАД.
13 Бо падвойнае ліха ўчыніў народ Мой: пакінулі Мяне, крыніцу вады жывой, каб выкапаць для сябе сажалкі, сажалкі дзіравыя, якія ня могуць трымаць вады.
14 Ці ж Ізраіль слуга? Ці ён [нявольнік], які народжаны ў доме? Чаму ж ён стаўся здабычай?
15 Над ім рыкаюць ільвы, выяўляючы голас свой; яны перамянілі зямлю ягоную ў пустэчу, і гарады ягоныя спаленыя, няма каму жыць у іх.
16 Таксама сыны Нофу і Тахпанхэсу абгалілі табе галаву.
17 Ці ж не зрабілася з табою гэта з-за таго, што ты пакінуў ГОСПАДА, Бога твайго, калі Ён вёў цябе дарогаю?
18 І цяпер, навошта табе шлях у Эгіпет, каб піць ваду з Нілу? І навошта табе шлях у Асірыю, каб піць ваду з ракі?
19 Карае цябе ліхота твая, і адступніцтва тваё асуджае цябе. Дык ведай і пабач, што ліхім і горкім ёсьць тое, што ты пакінуў ГОСПАДА, Бога твайго, і ня маеш страху Майго ў табе, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў.
20 Бо здаўна ты зламала ярмо тваё, парвала путы твае і сказала: “Ня буду служыць!” На кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным ты лажылася як распусьніца.
21 А Я пасадзіў цябе як выборную лазу вінаградную, лазу з насеньня праўдзівага. І як жа ты ператварылася ў Мяне на дзічку вінаграду звыраднелага?
22 Нават калі ты будзеш мыцца содаю і будзеш ужываць шмат мыла, пляма беззаконьня твайго [застанецца] перад абліччам Маім, кажа Госпад ГОСПАД.
23 Як ты можаш казаць: “Я не апаганеная, я за Бааламі не хадзіла”? Паглядзі на шляхі твае ў даліне, даведайся, што ты зрабіла, маладая, хуткая вярблюдзіца, якая кідаецца ў-ва ўсе бакі.
24 [Ты як] дзікая асьліца, якая прывыкла да пустыні, якая ў пажаданьні душы сваёй уцягвае паветра, і жарсьць ейную хто стрымае? Усе, хто шукаюць яе, ня мусяць намагацца, яны знойдуць яе ў месяцы ейныя.
25 Стрымай нагу тваю ад голасьці, і горла тваё ад прагненьня. А ты кажаш: “Надарма, ніколі! Бо я люблю чужынцаў і пайду за імі!”
26 Як асаромлены злодзей, калі зловяць яго, так асаромлены дом Ізраіля, яны і валадары іхнія, і князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,
27 якія кажуць дрэву: “Ты бацька мой”, і камяню: “Ты мяне нарадзіў”. Бо яны павярнуліся да Мяне плячыма, а не абліччам, але ў часе гора свайго клічуць: “Устань і ратуй нас!”
28 Дзе богі твае, якіх ты для сябе зрабіў? Няхай яны ўстануць, каб ратаваць цябе ў час гора твайго. Бо які лік гарадоў тваіх, столькі багоў тваіх, Юда!
29 Навошта вы спрачаецеся са Мною? Усе вы адступіліся ад Мяне, кажа ГОСПАД.
30 Надарма Я караў сыноў вашых, настаўленьня вы не прынялі. Прарокаў вашых пазьядаў меч ваш нібы леў нішчыцель.
31 Што вы за пакаленьне? Даведайцеся слова ГОСПАДА. Ці ж Я быў пустыняй для Ізраіля або зямлёй цемры? Дзеля чаго кажа народ Мой: “Мы вызваліліся! Ня прыйдзем больш да Цябе!”
32 Ці ж дзяўчына забудзецца пра аздобы свае, а нарачоная пра стужкі свае? А народ Мой забыўся пра Мяне ўжо безьліч дзён.
33 Якая спраўная ты на шляху сваім, каб шукаць каханьня! Таму ты прывучыла шляхі свае да ліхоты!
34 На краях шатаў тваіх кроў душаў нявінных і ўбогіх, якіх ты не злавіла на зладзействе, але ня гледзячы на гэта,
35 ты кажаш: “Я невінаватая, гнеў Ягоны хіба адвярнуўся ад мяне”. Вось, Я буду судзіць цябе, бо ты сказала: “Я не саграшыла”.
36 Як лёгка ты мяняеш шляхі твае! Таксама Эгіпет асароміць цябе, як асароміла цябе Асірыя.
37 Таксама ад яго зыйдзеш ты, і рукі твае [будуць] на галаве тваёй, бо ГОСПАД адкінуў тых, на якіх ты спадзявалася, і ты ня будзеш мець посьпеху з імі”».