Bible

Engage

Your Congregation Like Never Before

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

2 Samuel 22

:
Belarusian - БББ
1 І засьпяваў Давід словы гэтае песьні ГОСПАДУ ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.
2 І ён сказаў: «ГОСПАД скала мая і замчышча маё, Ён Збаўца мой.
3 Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты вызваліў мяне.
4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і буду вызвалены ад ворагаў маіх.
5 Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры небяспечныя стрывожылі мяне,
6 путы пякельныя аплялі мяне, і петлі сьмяротныя душаць мяне.
7 У горы маім клікаў я ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І пачуў Ён кліч мой са сьвятыні Сваёй, і голас мой дайшоў да вушэй Ягоных.
8 І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага і агонь палючы з вуснаў Ягоных; вуглі распаленыя сыпаліся ад Яго.
10 Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.
11 Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсся на крылах ветру.
12 І ахінуўся ў цемру, як заслону, цёмнымі водамі і густымі хмарамі ахутаў Сябе.
13 Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле агністае.
14 І загрымеў у небе ГОСПАД, Найвышэйшы даў пачуць голас Свой.
15 Ён пусьціў стрэлы Свае і разагнаў іх, мноствам маланак напалохаў іх.
16 І адкрыліся глыбіні мора, і выявіліся падваліны сусьвету ад гневу Твайго, ГОСПАДЗЕ, ад подыху духу гневу Твайго.
17 Выцягнуў Ён [руку] з вышыні і схапіў мяне, і выцягнуў мяне з глыбіняў водных,
18 і выратаваў Ён мяне ад ворага магутнага, і ад тых, што ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.
19 Яны нахлынулі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД стаўся для мяне абаронаю.
20 І вывеў Ён мяне на прасторнае месца, уратаваў Ён мяне, бо любіць мяне.
21 І аднагародзіў мне ГОСПАД за праведнасьць маю, за чыстасьць рук маіх аддзячыў Ён мне,
22 бо трымаўся я шляхоў ГОСПАДА, і не дапускаўся грэху перад Богам маім.
23 Бо ўсе прыказаньні Ягоныя я меў перад вачыма і наказаў Ягоных не адпіхнуў ад сябе,
24 Але быў перад Ім беззаганны, і беззаконьня высьцерагаўся.
25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.
26 Для справядлівага і Ты справядлівы, і для беззаганнага Ты беззаганны,
27 для чыстага сэрцам і Ты чысты сэрцам, а для крывадушнага і Ты падступны,
28 бо людзей прыгнечаных Ты ратуеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.
29 Ты, ГОСПАДЗЕ, сьветач мой, Бог мой асьвятляе цемру маю.
30 Бо з Табою я атакую войска варожае, і з Богам маім узыйду на муры.
31 Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА агнём ачышчана, Ён шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца.
32 Хто Бог, апрача ГОСПАДА? Хто абарона, апрача Бога нашага?
33 Бог, Які падперазаў мяне сілаю і робіць шлях мой беззаганным.
34 Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на высачыні ставіць мяне.
35 Ён навучае рукі мае для бітвы, а рамёны мае напінаюць мядзяны лук.
36 Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласка Твая ўзьвялічвае мяне.
37 Ты пашырыў крокі мае, і не хістаюцца ногі мае.
38 Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.
39 Я зьнішчыў іх так, што не маглі падняцца, і падалі пад ногі мае.
40 Ты падперазаў сілай для бітвы, і тых, што паўсталі супраць мяне, кінуў пад ногі мае.
41 Ты прымушаў уцякаць ворагаў маіх, і ненавісьнікаў маіх разагнаў.
42 І крычалі яны, але ніхто іх ня збавіў. І клікалі ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.
43 Я расьцярушыў іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы таптаў я іх.
44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, і паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.
45 На вестку пра мяне яны паслухмяныя мне, і сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.
46 Чужынцы млеюць і дрыжаць у агароджах сваіх.
47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўленая скала мая. Няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.
48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і Які падпарадкаваў народы мне,
49 Які вызваліў мяне ад ворагаў маіх, і ўзьнёс мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.
50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і псальмы сьпяваць на славу імя Твайго,
51 бо Ты даў вялікія перамогі валадару Твайму і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду і насеньню ягонаму на вякі».